Пятница, 13 декабря 2024

Аляксандр Саладуха выступіць у Пружанах 29 лістапада! Чытайце яго эксклюзіўнае інтэрв’ю нашай газеце

318

Менавіта так, «Маладыя пацаны» называецца канцэртная праграма беларускага спевака Аляксандра Саладухі, якую пружанцы ўбачаць на сцэне Палаца культуры ўжо ў аўторак, 29 лістапада.

Аляксандра Саладуху аматарам якаснай творчасці асабіста прадстаўляць не трэба. Сыноў яго Антона і Аляксандра — таксама. Дарэчы, назва праграмы сама падказвае, што акрамя «маладога пацана» Аляксандра Саладухі ў ёй прымуць удзел і сыны нашага мэтра беларускай эстрады.

Не люблю слова «зорка» ў дачыненні да творчых людзей. Бо вельмі ўжо многія, хто пазіцыяніруе сябе зоркамі, неяк бліснулі і згарэлі, іх няма. Саладуха ж — старэйшы ў фаворы ў гледача і да гэтага часу. У кожным горадзе збірае шматлікія аншлагі , а то і па два-тры.

Памятаю яго першы канцэрт на маёй малой радзіме ў Карме, што на Гомельшчыне. Тады ён у мясцовым Доме культуры даў ажно два канцэрты і на абодвух свабодных месцаў у зале не было. Пасля іх удзячныя прыхільнікі доўга яшчэ не адпускалі спевака, бралі аўтографы, фатаграфаваліся. Я ледзь дачакаўся, каб узяць у Саладухі інтэрв‘ю. З таго часу гэта пятая, лічыце, юбілейная размова са спеваком.

— Аляксандр Антонавіч, што ўяўляе сабой праграма «Маладыя пацаны»? Колькі часу Вы з ёй гастралюеце па краіне?

— Гэта прэзентацыя майго ўжо трынаццатага па ліку сольнага альбома, які пісаўся два гады, пачынаючы з 2019-га. У склад дыска ўвайшло 13 кампазіцый. Частка з іх будзе паказана ў першым аддзяленні канцэрта. У другім — як заўсёды залатыя хіты з мінулых дванаццаці альбомаў. Дарэчы, Пружаны — перадапошні горад у гэтым туры, які працягваўся два гады.

— Вашы канцэрты заўсёды прапануюць нейкі сюрпрыз для гледачоў. Што будзе цяпер?

— Адметнасць кожнага канцэрта — новыя песні, якія ўвойдуць у чатырнаццаты альбом, работа над якім ужо завершана. З прэзентацыяй яго ў 2023-2024 гадах мы аб’едзем 120 гарадоў краіны.

— На Вашых канцэртах заўсёды аншлагі?

— Бывае, што у адным горадзе даводзіцца даваць і па два такія канцэрты. У мінулым годзе так было ў Жодзіне і Стоўбцах, сёлета — у Брэсце і Віцебску прайшлі па два аншлагавыя канцэрты. 16 лістапада, у дзень нараджэння маіх сыноў, якім споўнілася па 35 гадоў, прайшоў канцэрт у Мінску.

— У гэты тур Вы адправіліся з сынамі Антонам і Аляксандрам Саладухамі?

— Так, хлопцы выступаюць у перапынку. Сыны ў маім бізнесе ўжо 15 гадоў. Акрамя таго, што яны спяваюць, Аляксандр у мяне працуе вадзіцелем і ахоўнікам, Антон — гукарэжысёрам. Яшчэ яны вядуць мае старонкі ў сацыяльных сетках і прымаюць заказы на розныя мерапрыемсты. Калі ў бацькі ўжо чатырнаццаты альбом на выхадзе, то ў хлопцаў — пакуль толькі два. Але думаю, што ў іх усё наперадзе.

— Аляксандр Антонавіч, не расстаецеся вы са сваімі прыхільнікамі і пасля канцэртаў, заўсёды выходзіце да іх.

— Сапраўды, пасля невялікага перапынку пасля канцэртаў я праводжу з маімі любімымі гледачамі фотасесіі, падпісваю свае дыскі, постэры. Гэта для мяне не менш важна, чым самі канцэрты.
Таму так будзе і ў Пружанах. Прыходзьце, калі ласка. Сустрэнемся на канцэрце і пасля яго.

Гутарыў Віктар Ільюшчанка