Суббота, 6 декабря 2025

Аляксандр Гук: «Служба ўзбагаціла і вернымі таварышамі, і бясцэнным вопытам»

630

Нарадзіўся Аляксандр Васільевіч у Пружанах і амаль усю сваю жыццёвую кар’еру выбудоўваў менавіта тут. Хаця спачатку і не планаваў служыць праваахоўнікам. Толькі ж лёс распарадзіўся інакш.

Думаў, на пару гадоў…
Жыццёвыя планы былі спачатку зусім іншыя. Пасля заканчэння СШ № 2 наш зямляк адразу паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, адкуль з дыпломам інжынера-механіка прыехаў на працу ў саўгас «60 год БССР» у Кабылаўку. Стварыў сям’ю і разам з жонкай Святланай Яраславаўнай меркаваў правесці спакойнае вясковае жыццё. Але ў «ліхія» 90-я гады мінулага стагоддзя грамадству былі патрэбны ахоўнікі правапарадку, і Аляксандр Васільевіч пагадзіўся на прапанову мясцовага ўчастковага Васілія Клімовіча апрануць міліцэйскую форму. Як сам прызнаецца, думаў, што на пару гадоў… І гэтае «ненадоўга» зацягнулася насамрэч на 30 гадоў.

Небяспечная і складаная служба
Нават праз столькі гадоў Аляксандр Гук у падрабязнасцях успамінае першы дзень, калі апрануў форму міліцыянера з пагонамі старшага лейтэнанта. А яшчэ больш дакладна тыя задачы, што давялося выконваць маладому ўчастковаму.


— Першая раскрытая асабіста мной крымінальная справа была звязана з крадзяжом тэлефона з памяшкання ФАПа ў в. Скорцы,— успамінае Аляксандр Васільевіч. — Устанавіў, што прыхапіў рэч раней судзімы кабрынчанін. І за гэта атрымаў сваю першую пахвалу ад старшага оперупаўнаважанага Аляксандра Кананюка і начальніка крымінальнага вышуку Уладзіміра Скрыпко.


Асноўную частку службовага часу займала адпрацоўка жылога сектара, абследаванні тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў, ахова грамадскага парадку. Увогуле, участковы інспектар адказваў за спакой на падведамнай тэрыторыі. У службовай «скарбонцы» ветэрана таксама ёсць серыйныя крадзяжы з магазінаў, грабяжы, бандыцкія напады з прымяненнем агнястрэлу і нават забойствы з іншымі цяжкімі злач_ынствамі. Падобныя праявы ў многім дапамагала раскрываць менавіта тая жыццёвая камунікабельнасць, якой і зараз у поўнай меры валодае Аляксандр Васільевіч. Хаця многаму ён вучыўся ў старэйшых таварышаў. Памятае і цэніць атрыманую навуку ад свайго «правадыра» Васілія Клімовіча, а яшчэ ад намесніка начальніка райаддзела Леаніда Гусакова, старшых участковых Аляксандра Ярмоліка, Васілія Хільковіча. На глебе барацьбы з мясцовым браканьерствам выдатнае знаёмства адбылося з вядомым у раёне ахоўнікам прыродных багаццяў Уладзімірам Панасевічам, які ў той час узначальваў Бярозаўскае лясніцтва. Менавіта Уладзімір Мікалаевіч прывіў Аляксандру любоў да прыроды, дзяліўся сваім жыццёвым вопытам. З таго часу Гук проста ўлюбіўся ў лес і стаў заўзятым аматарам палявання.


Кожны дзень участковы вучыўся новай справе. Нягледзячы на «часовыя» планы, усё роўна заўзята спасцігаў прафесійныя мудрасці. З задавальненнем успамінае сумесную работу з Мікалаем Папко, Аляксандрам Гарусам, Вячаславам Герасімовічам. За атрыманы службовы вопыт шчыра дзякуе Мікалаю Еўтуху, Віктару Жуку, Ігару Патапчуку.


За выдатную працу і добрасумленнасць у выкананні пастаўленых задач неўзабаве Аляксандру Гуку начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Міхаіл Шопік прапанаваў узначаліць аддзяленне ўчастковых інспектараў. І на новым пасту ён паспяхова спраўляўся са сваімі абавязкамі.


— Больш таго, вялікую падтрымку атрымліваў ад трывалага калектыву ў складзе Адама Юркевіча, Аляксандра Дубейкі, Уладзіміра Бірукова, Аляксандра Петруковіча, Вячаслава Грэня, Васілія Цюшкевіча, Сяргея Цабрука, Міхаіла Петраня, — расказвае ветэран. — Неаднойчы мы станавіліся першымі ў вобласці па выніках службовай дзейнасці.


Выдатнае засваенне новай прафесіі, а яшчэ і кар’ерны рост усё-такі затрымалі Аляксандра Гука на доўгія гады ў міліцыі. У 2005 годзе ён быў назначаны намеснікам начальніка Пружанскага райаддзела ўнутраных спраў. А праз два гады — начальнікам Івацэвіцкага РАУС.
У снежні 2015 года Аляксандр Гук вярнуўся на малую радзіму, каб узначаліць мясцовы райаддзел. І зноў жа камунікабельны, адказны кіраўнік атрымаў паўсюдную падтрымку — і ад калектыву міліцыі, і ад мясцовай улады, і ад прадстаўнікоў усіх сфер народнай гаспадаркі. Што адразу праявілася ў выніках работы аддзела ўнутраных спраў. У 2018 годзе Пружанскі РАУС стаў лепшым у вобласці і зусім крыху па паказчыках не дацягнуў да рэспубліканскага прызнання.
У лістападзе 2020 года па выслузе гадоў Аляксандр Васільевіч пайшоў на заслужаную пенсію «з правам нашэння форменнага адзення і знакаў адрознення».

Заслужаны адпачынак… без адпачынку
Ветэран міліцыі цяпер вольны ад службы, але так і не змог адпачываць «з пультам ад тэлевізара». У цывільным жыцці ён знайшоў сябе на пасадзе намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Агра-Калядзічы». А яшчэ ўзначаліў раённы савет ветэранаў МУС, праводзячы актыўную выхаваўча-патрыятычную і сацыяльную работы. Як ён адзначае, літаральна кожны дзень распісаны па гадзінах, без справы не сядзіць з усходу і да заходу сонца. А часам і ў вячэрнія перыяды знаходзіць сабе працу, што заўважна па добраўпарадкаванай сядзібе ветэрана ў аграгарадку Кабылаўка. У вясковай хаце добраму гаспадару заўсёды знойдзецца, чым заняцца. Ад саслужыўца Міхаіла Петраня «захварэў» на вінаградарства, хаця гэтай справай зараз больш займаецца гаспадыня дома Святлана Яраславаўна. Любімым заняткам для Аляксандра Васільевіча засталося і паляванне, вынікам якога стала асабістая «сцяна трафеяў».
Нямала часу «забіраюць» сямейныя клопаты. Разам з жонкай яны вырасцілі двух дзяцей — дачку Марыю і сына Сяргея, якія падарылі бацькам 6 унукаў. Апошнія штогод наведваюць падчас летніх канікулаў, арганізуючы «лагер пад сонцам». І сярод года нярэдка з’язджаецца ўвесь «клан Гукоў», каб правесці значныя святы разам. Як кажуць, што яшчэ патрэбна чалавеку ад жыцця?


Аляксандр Васільевіч на гэта адказвае, што трэба стаць яшчэ прыкладам для іншых. У прыватнасці, ён упэўнена сцвярджае, што не шкадуе аб сваім жыццёвым шляху. І раіць таксама прайсці па ім прадстаўнікам падрастаючага пакалення.


— Разам з рэальнай рамантыкай у міліцыі ёсць і сапраўдныя мужчынскія выпрабаванні, пераадоленнем якіх можна ганарыцца ўсё жыццё. А яшчэ атрымаеце нямала верных таварышаў, якія і ў пазаслужбовы час прыйдуць на дапамогу ў складанай сітуацыі. Гэта бясцэнны скарб, пахваліцца наяўнасцю якога зможа не ўсялякі.
Алег Сідарэнка
Фота з архіва ветэрана