Суббота, 5 октября 2024

Алімпійскі чэмпіён Аляксей Урманаў другі год запар прыехаў у Пружаны, каб правесці трэніроўкі для фігурыстаў

276

«Няма межаў для ўдасканалення» — так кажуць пружанскія фігурысты і іх трэнеры, якія на мінулым тыдні пачалі перадсезонныя зборы. Прычым пад кіраўніцтвам алімпійскага чэмпіёна.

Другі год запар у Пружаны прыехаў чэмпіён зімовай Алімпіяды-1994 у Лілехамеры Аляксей Урманаў. Калі летась расійскі фігурыст-адзіночнік і трэнер па фігурным катанні накіроўваўся ў «камандзіроўку» ў нашу ДЮСШ №2 самастойна, то сёлета захапіў двух сваіх падапечных. Адзін з іх — Міхаіл Шайдораў, які выступае за Казахстан і паспяхова дэбютаваў на чэмпіянаце свету-2023. Другі — Дамір Чарыпка, які трэніруецца ў Сочы.

Нагадаем, што ў Сочы адбылося знаёмства пружанскага трэнера Вольгі Уважанай з алімпійскім чэмпіёнам. Справа ў тым, што яе выхаванка, ураджэнка Бярозы Мілана Рамашова якраз-такі трэніруецца пад кіраўніцтвам Урманава ў гэтым расійскім горадзе. Алімпійскі чэмпіён з задавальненнем прыняў запрашэнне Вольгі Анатольеўны прыехаць у Пружаны ў мінулым годзе, не адмовіў у просьбе патрэніраваць нашых і сёлета.

Дарэчы, трэніроўкі праходзяць як на лёдзе, так і на сушы. Разам з пружанскімі фігурысткамі адпрацоўвае слізгаценні, тэхніку скачкоў, займаецца агульнай фізпадрыхтоўкай і група мінскіх спартсменак.

Аляксей Урманаў будзе даваць майстар-класы і займацца з фігурыстамі да 1 ліпеня.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Вольгі Вадзяновіч