Четверг, 10 октября 2024

Андрей Янушкевич: «Сомневаетесь в скоростных возможностях ретроавтомобиля? Прокачу с ветерком!»

1 035

Ваенныя ретрааўтамабілі на дарогах Пружаншчыны — вялікая рэдкасць. А вось жыхарам вёскі Зарэчча сёлета пашанцавала: аўтамабіль “ГАЗ-69”, які нечакана з’явіўся тут 9 Мая, адразу прыцягнуў да сябе ўвагу ўсіх удзельнікаў святочнай імпрэзы. Людзі з вялікім задавальненнем фатаграфаваліся каля цёмна-зялёнага “ветэрана” і яго вадзіцеля ў сапраўднай чырвонаармейскай форме.

— Калі быць дакладным, то гэта аўтамабіль павышанай праходнасці ўзору 1963 года. У арыгінале — цягач лёгкай артылерыйскай гарматы. Купіў я яго ў г. Камянцы за 650 долараў. На той момант ён знаходзіўся ў вельмі жаласным стане, таму адразу пачаў рэабілітацыю. Усё — тармазы, рухавік — сам цалкам перабраў.

Два гады чысціў і апрацоўваў дэталі, збіраў тое, чаго не даставала. Стараўся шукаць толькі арыгінальныя запчасткі.

Па ўсёй рэспубліцы шукаў, у прыватнасці, вось гэтую святломаскіроўку мне з Гомеля даслалі. Тут “чужыя” толькі болцікі – кітайскія.

Дзякуй вялікі памочнікам: абшыўку сядзенняў мне рабіла знаёмая майстрыха, а кузаў рамантаваў спецыяліст, які займаецца афарбоўкай аўтамабіляў. Хутка прыедзе з Расіі яшчэ брызентавы тэнт. Можна будзе размясціць у машыне ажно восем чалавек і пракаціцца “з ветрыкам” на хуткасці 60 кіламетраў у гадзіну.

Праўда, па характарыстыцы гэты цягач можа выціснуць хуткасць да 90 км/г, але такую прыгажосць трэба шанаваць, — расказаў уладальнік машыны жыхар пасёлка Шарашэва Андрэй Віктаравіч Янушкевіч, ужо вядомы нашым чытачам як кіраўнік участка “Шарашэва” КУВП “Камунальнік”.

А цяпер будзеце ведаць, што ён яшчэ і заўзяты калекцыянер ваеннай тэхнікі. У яго гаражы побач з «ГАЗ-69» красуецца яшчэ некалькі падобных транспартных сродкаў, праўда, розных па “калібры”: адны ўжо прайшлі рэстаўрацыю і абкатку, іншыя толькі чакаюць свае чаргі.
— Я з дзяцінства захапляюся старымі машынамі і матацыкламі. У 10 класе ў мяне быў легендарны троххуткасны матацыкл “Каўровец” 1959 года выпуску. Потым ад бацькі застаўся прыгажун “М-72М”, я яго гадоў пяць таму разабраў, адрэстаўрыраваў і стылізаваў пад ваенны “МБ-750”, такія “коні” стаялі на ўзбраенні ў Савецкай арміі адразу пасля вайны. Дарэчы, каляска тут арыгінальная. Магу паказаць! — прапаноўвае Андрэй Віктаравіч, і мы з задавальненнем назіраем, як з гаража выкочваецца чорны трохколавы цуд.

— Практычна кожны дзень на ім езджу, маю яшчэ прычэп да яго, — хваліцца руплівы гаспадар. — Усю тэхніку выганяць не буду: не змесціцца на падворку.

Там далей адпачывае адшліфаваны да бляску “Мінск М-106” і іншая тэхніка. Была яшчэ “Волга ГАЗ-21”, але рукі не дайшлі да яе, таму і прадаў прадстаўнічую “бабульку”. Ёсць яшчэ грузавік “ГАЗ-51” вытворчасці 1960 года, але тут для яго ўжо месца няма. Я тры гады грузавік рамантаваў, а ён служыў верай і праўдай больш за пятнаццаць гадоў: і сена калісьці на ім вазіў, і дровы, і бульбу…
Увогуле хочацца, каб мае машыны, акрамя эстэтычнага задавальнення, прыносілі нейкую істотную карысць.

Не ведаю пра іншыя машыны, але вось у цягача, упэўнена, будзе слаўная гісторыя. Наперадзе – столькі фестываляў рэтратэхнікі, столькі баёў-рэканструкцый! Столькі патрыятычных акцый, парадаў і перамог!

Алена Зялевіч

Фота Сяргея Талашкевіча