У гэтую арганізацыю ўступаюць людзі, неабыякавыя да чужой бяды, тыя, хто шчыра жадае дапамагаць і рабіць добрыя справы. Беларускаму фонду міру сёлета – 60. З нагоды дня нараджэння самага мірнага грамадскага аб’яднання краіны яго актывістам і ветэранам былі ўручаны юбілейныя медалі.
Сваю гісторыю Фонд міру вядзе з красавіка 1961-га года. Ён утварыўся роўна праз два тыдні пасля палёту Юрыя Гагарына ў космас. З таго часу Савецкі фонд міру стараўся падтрымліваць добрыя пачынанні, фінансаваў міратворчыя акцыі. Адметна, што ў свой час супрацоўнічалі з ім Іван Шамякін, Іван Мележ, Ніл Гілевіч і многія іншыя пісьменнікі, спевакі, культурныя дзеячы нашай краіны.
Сёння грамадскае аб’яднанне налічвае больш за 18 тысяч чалавек. Членамі Беларускага фонду міру з’яўляецца і каля 160 жыхароў нашага раёна. Гэта прадстаўнікі органаў улады, работнікі сфер культуры і адукацыі, спартсмены і не толькі. Як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага аддзялення БФМ М.П.Кудравец, прыемна, што на Пружаншчыне ёсць людзі, якія падтрымліваюць аб’яднанне. Падчас уручэння медалёў у райвыканкаме Мікалай Пятровіч падзякаваў усім, хто робіць унёсак у скарбонку добрых спраў. Сродкі, якія ахвяруюць члены Фонду, ідуць на дапамогу цяжка хворым дзецям і дарослым, ветэранам вайны і блакаднікам Ленінграда, шматдзетным сем’ям, набыццё сродкаў перамяшчэння пажылых людзей і інвалідаў. А яшчэ фінансуецца рамонт воінскіх пахаванняў. У тым ліку за сродкі фонду быў адрамантаваны помнік на гарадскіх могілках на магіле Героя Савецкага Саюза І.М.Кухарава.

Па даручэнні абласнога аддзялення Беларускага фонду міру на мінулым тыдні ў райвыканкаме М.П.Кудравец уручыў юбілейныя медалі. Такой узнагароды ўдастоена 10 жыхароў раёна. Медаль быў уручаны старшыні райвыканкама, чалавеку, які робіць значны ўнёсак у развіццё Брэстчыны, Юрыю Юр’евічу Бісуну. Узнагароду таксама атрымала старшая медсястра абласной бальніцы «Магілёўцы» Ліка Мікалаеўна Гусак.
М.П.Кудравец падкрэсліў, што, менавіта дзякуючы работнікам тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання, вырашаюцца пытанні дапамогі пажылым людзям і шматдзетным сем’ям. Таму яшчэ адзін медаль быў уручаны дырэктару цэнтра Нэлі Георгіеўне Педчанка.

Актыўную пазіцыю ў справах міру займае ААТ «Ружаны-Агра», якое пералічвае значныя грашовыя сродкі ў якасці ўзносаў. Юбілейны медаль атрымала намеснік дырэктара гаспадаркі Наталля Віктараўна Юрэня.
Тры ўзнагароды знайшлі ветэранаў БФМ па месцы жыхарства. Юбілейныя медалі ўручылі пенсіянерам Ніне Рыгораўне Васечка, Уладзіміру Міхайлавічу Грабу і Віктару Мікалаевічу Каўрыгу.
Падчас мерапрыемстваў, прысвечаных дню нараджэння Беларускага фонду міру, медалі атрымалі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, яго намеснік, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук і намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч.

Таксама з нагоды юбілейнай даты за сродкі Фонду набыты тэлевізар у палату ветэранаў вайны і працы УАЗ «Пружанская ЦРБ», а бальніцы сястрынскага догляду ў аг.Сухопаль перададзена дзве газавыя пліты.
Мірныя пачынанні, упэўнены члены раённага аддзялення Беларускага фонду міру, не павінны спыняцца. Тут заўсёды чакаюць тых, хто гатовы падарыць часцінку свайго сэрца іншым.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік