Сярод тых, каго вызначае старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч як сваіх самых адказных памочнікаў, стараста аг. Клепачы Любоў Гугнюк.

Адказнасці Любові Мікалаеўне сапраўды не займаць. Жанчына прызнаецца:
— Вользе Віктараўне немагчыма адмовіць ні ў чым. Напрыклад, часам трэба пайсці ноччу ліхтары палічыць (раптам некаторыя не гараць) — чаму не. Справа не ў тым, што хочацца: калі паабяцала — зраблю. Два выхадныя чысцілі ад травы плітку ў грамадскіх месцах. Таму што трэба!
Актыўная грамадзянская і жыццёвая пазіцыя заўсёды вылучала яе. Амаль два дзесяцігоддзі, з 1995 года Любоў Гугнюк на пасадзе вясковага старасты. Якія толькі абавязкі за гэты час не даводзілася выконваць! Маштабнай справай стала добраўпарадкаванне могілак: жыхары сабралі 5000 рублёў на спілаванне аварыйных дрэў, і цяпер застаецца толькі падтрымліваць парадак. Захапілася кветкамі — і нават сама пачала вырошчваць расаду.
— Пасябравала са школьным біёлагам, каб больш даведацца пра кветкі. Сама садзіла, сама палола. Дапамагалі актывісты нашы, зразумела, і ў першую чаргу, мая памочніца Антаніна Іванаўна Швед, заўзяты кветкавод, без яе нічога б не атрымалася. Каб закупіць насенне, збіралі і здавалі другасную сыравіну. Цяпер у аграгарадку нямала цудоўных куточкаў, у афармленні якіх ёсць і мая заслуга, — кажа жанчына.
Шмат гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак Любоў Гугнюк працавала начальнікам участка «Камунальніка» ў Клепачах. І калі ўжо на пенсію выйшла — яшчэ крыху працавала.
— А потым прыйшоў малады хлопец Аляксей Дзічковіч, які хварэе душой за сваю вёску, свой сельсавет. Лічу, што вельмі важна, калі не прыезджыя, а свае, мясцовыя хлопцы і дзяўчаты працуюць. Маладое пакаленне крыху не такое, як мы былі, але ж веды, уменні набываюцца з часам, — лічыць стараста.

Падыходы ў маладых сапраўды іншыя: для абмеркавання надзённых пытанняў, напрыклад, устаноўкі кантэйнераў для смецця ў прыватным сектары стварылі групу ў Viber. У выніку ўстаноўлены 54 кантэйнеры для раздзельнага збору смецця.
Мясцовыя жыхары ведаюць, што працуе стараста без абедзеннага перапынку і выхадных. І звярнуцца да яе можна ў любы час.
— Яе асаблівы талент — зносіны з людзьмі, — адзначае Вольга Грышкевіч. — Нераўнадушнасць да іх праблем, імкненне дапамагчы, не патрабуючы нічога ўзамен, уменне ўзяць на сябе чужы боль. У якасці валанцёра Любоў Мікалаеўна ўдзельнічала ў праекце Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва «Цягнік памяці» па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў і састарэлых асоб. А яшчэ яна вельмі творчая асоба, спявае ў гурце «Клепачанка».
І тое, што Любоў Гугнюк названа лепшым вясковым старастай Брэсцкай вобласці па выніках работы ў мінулым годзе, не здзіўляе тых, хто яе ведае. Застаецца толькі пажадаць жанчыне сіл і энергіі для ажыццяўлення новых планаў і ідэй, і новых перамог.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік