У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17.04.1992 №1596-ХІІ «Аб пенсіённым забеспячэнні» (далей — Закон) маці, якія выхоўвалі дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у перыяд да іх паўналецця, маюць права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнапрынятага пенсіённага ўзросту на 5 гадоў і пры стажы працы не менш за 20 гадоў.
Таты, якія выхоўвалі дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у перыяд да іх паўналецця, маюць права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнапрынятага пенсіённага ўзросту на 5 гадоў і пры стажы працы не менш за 25 гадоў, калі маці дзіцяці-інваліда (інваліда з дзяцінства) не выкарыстала набытага ёю права на пенсію па ўзросце паводле артыкула 20 Закона і адмовілася ад гэтага права на карысць бацькі, або не выкарыстала права на пенсію па ўзросце ў адпаведнасці з гэтым артыкулам у сувязі з яе смерцю.
Права на працоўную пенсію маюць асобы, якія ў перыяды працы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці падлягалі дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні выпадках, выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (далей — бюджэт фонду), пры выкананні іншых умоў, прадугледжаных Законам.
Права на працоўную пенсію па ўзросце ў адпаведнасці з артыкулам 20 Закона даецца пры наяўнасці стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду не менш за 5 гадоў (пры выкананні іншых умоў, прадугледжаных Законам).
У выпадку адсутнасці стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду працягласцю не менш за 5 гадоў, права на пенсію па ўзросце паводле артыкула 20 Закона са зніжэннем агульнапрынятага ўзросту на 5 гадоў не прадугледжана.
ДАВЕДКА:
Абавязковай умовай для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце на агульных падставах па дасягненні агульнапрынятага ўзросту з’яўляецца наяўнасць стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду ў 2023 годзе — 19 гадоў, у 2024 годзе — 19 гадоў 6 месяцаў, у 2025-м і наступныя гады — 20 гадоў.
Сацыяльныя пенсіі прызначаюцца грамадзянам, якія не атрымліваюць працоўную пенсію і (ці) пенсію з іншых дзяржаў у адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь: асобам, якія дасягнулі ўзросту: мужчыны — 65 гадоў, жанчыны — 60 гадоў.
Сацыяльная пенсія маці і (ці) бацькам дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, якія мелі трэцюю і (ці) чацвёртую ступень страты здароўя, прызнаных пасля інвалідамі з дзяцінства I групы, калі маці або бацька (бацькі) ажыццяўляў догляд іх не менш за 20 гадоў, вылічваецца ў памеры 130 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму пенсіянера, устаноўленага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, за два апошнія кварталы.
РАЗГЛЕДЗІМ РАЗЛІК ПАМЕРУ ПЕНСІІ НА ПРЫКЛАДЗЕ.
З 1 лістапада 2023 г. па 31 студзеня 2024 г. бюджэт пражытачнага мінімуму пенсіянера складае 273,26 руб.
Сацыяльная пенсія маці дзіцяці-інваліда (інваліда з дзяцінства) складзе 355,24 руб. (273,26 руб. х 130% = 355,24 руб.).
Кансультацыю па пытаннях пенсіённага забеспячэння бацькоў дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пружанскага райвыканкама па тэлефонах: 2-18-24, 4-16-73 (панядзелак — пятніца з 8.00 да 13.00, з 14.00 да 17.00).
Алена Дзмітрыева, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама
Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар