Воскресенье, 7 июня 2026

Актуальнае інтэрв‘ю з начальнікам разлікова-даведачнага цэнтра КУВП «Камунальнік» Наталляй Зялевіч

460

А хто не плаціць па даўгах?

Фундаментальны закон нашага сусвету гаворыць, што «нішто не бярэцца з ніадкуль і не знікае анікуды». Гэты прынцып дзейнічае ва ўсіх праявах сучаснага жыцця. У тым ліку і ў сферы камунальных паслуг, якія ў любы час, пры любым сацыяльным строі будуць каштаваць грошай. Сапраўды, энергарэсурсы трэба аплачваць, хай і па розным кошце. А значыць, на гэта неабходна адшукваць фінансаванне.

У нашай краіне яно складваецца з дзвюх крыніц. Нейкую частку ўносяць спажывальнікі зручнасцей — грамадзяне, юрыдычныя асобы. Прычым першая катэгорыя аплачвае толькі некаторы працэнт, львіную долю кампенсуе дзяржаўны бюджэт. Аднак і ў такіх льготных умовах знаходзяцца грамадзяне, якія «лічаць», што дзяржава ўвогуле можа фінансаваць камунальныя паслугі без іх удзелу. Гутарка ідзе пра даўжнікоў, якія, нягледзячы на розныя меры ўздзеяння, ёсць і ў цяперашні час. Як зазначае начальнік разлікова-даведачнага цэнтра КУВП «Камунальнік» Наталля Зялевіч, лічба неплацельшчыкаў не мяняецца ўжо які год.

— На сённяшні дзень на Пружаншчыне на разліках стаяць 25 тысяч асабістых рахункаў, каля паўтары тысяч з якіх — даўжнікі, — расказвае Наталля Мікалаеўна. — Варта дадаць, што пры нязменнасці гэтай лічбы, адзначаюцца ваганні ў агульнай суме запазычанасці (якая, на жаль, расце), а таксама ў прозвішчах абанентаў-даўжнікоў.

— Калі ласка, патлумачце наконт апошняга падрабязней.

— Тут варта спачатку спыніцца на падставах, якія прыводзяць да з’яўлення даўгоў па камунальных плацяжах, а пасля — на мерах уздзеяння ў дачыненні да неплацельшчыкаў.

Акалічнасці, якія прыводзяць да з’яўлення няўплаты, бываюць розныя: ад простай забыўчывасці да складаных жыццёвых абставін. Зразумела, што многім хапае аднаго-двух напамінаў, нават строгага папярэджання, каб больш не паўтараць падобных пралікаў. Тое ж самае адбываецца і з мерамі ўздзеяння. Аднаму хапае таго, што наступную «жыроўку» ён атрымае з даволі важкімі сумамі. Таму што пачынаючы з 26-га чысла месяца плацяжу на кожны наступны дзень налічваецца 0,3 % пені ад агульнай сумы доўга. Іншым адпраўляецца СМС-паведамленне аб росце запазычанасці. Трэціх па месцы жыхарства наведваюць нашы работнікі, пасля якіх могуць прыйсці судовыя выканаўцы або лісты аб тым, што доўг будзе спаганяцца з пенсіі. Яшчэ адной з дзейсных мер з’яўляецца абмежаванне на выезд за межы краіны. Пагадзіцеся, што вельмі непрыемна з-за «забыўчывасці» згубіць «палаючую пуцёўку ў Турцыю».

— І гэта асноўная маса неплацельшчыкаў?

— Калі б так было, то агульная колькасць даўжнікоў штогод меншала. На жаль, пераважная частка — пастаянныя неплацельшчыкі. Гэту катэгорыю можна падзяліць на дзве групы. Першую — самую дзіўную для нас — складаюць грамадзяне, якія маюць стабільны даход, працуюць у даволі трывалых арганізацыях, бюджэтных або сельгаставарыствах, дзе ніколі не бывае затрымак з выплатай заработнай платы. Аднак за камунальныя паслугі яны не плацяць, дакладней, робяць гэта толькі пад прымусам. І падобная непрыемная сітуацыя паўтараецца з імі рэгулярна. І мы не можам патлумачыць, у чым сэнс такіх паводзін.

Другая група — «катэгарычныя беспрацоўныя», тыя, хто свядома нідзе не працуюць, больш таго, вядуць асацыяльны лад жыцця. Сярод такіх нярэдкія выпадкі, калі сума пені перавышае асноўны доўг. Да таго ж непрацуючыя атрымліваюць «жыроўкі» па 100-працэнтных тарыфах за ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне, што дае істотны прырост да агульнай сумы запазычанасці за камунальныя паслугі па раёне. У выніку гэтыя грамадзяне — наш неверагодны боль, а законныя меры ўздзеяння дазваляюць нам толькі спыніць рост запазычанасці, а не пагасіць яе. Пры наяўнасці няўплаты звыш 2-х месяцаў прымаецца рашэнне аб адключэнні ад камунальных паслуг. Здараецца, што даходзіць да высялення з арэнднага жылля, якое прымяняецца пры шасцімесячных неплацяжах. Але зноў паўтаруся, нам гэта дае не рашэнне праблемы, а толькі яе замарожванне, таму што такія людзі ў адсутнасці вады ці арэнднага жылля не бачаць для сябе праблем. А з улікам таго, што з ліку неплацельшчыкаў гэта кожны чацвёрты…

— Даўжнік для камунальнай арганізацыі — гэта прыгавор, магчыма, з унясеннем прозвішча абанента ў «чорны спіс»?

— Ніякім чынам, кожнаму даецца шанец на выпраўленне і ніхто пасля не будзе лічыць абанента «патэнцыйным парушальнікам». Да таго, калі ён зноў патрапіць у адпаведныя спісы. Мы добра ведаем, што сітуацыі бываюць розныя, нават злосны неплацельшчык потым адумваецца. У прыватнасці, мужчына год не аплачваў за камунальныя паслугі, а потым кампенсаваў доўг, з улікам чаго яму была спісана палова пені. Такое ж рашэнне было прынята ў дачыненні да іншай жыхаркі горада, якой увогуле пасля абследавання жыллёвых умоў і з улікам наяўнага фінансавага становішча пеня была спісана поўнасцю. Кожнаму мы ідзём насустрач, праводзяцца даследчыя гутаркі, вывучаюцца абставіны сітуацыі. Таму што нам галоўнае — не пакараць, а атрымаць грошы на набыццё энергарэсурсаў для далейшага прадастаўлення зручнасцей.


Гутарыў Алег Сідарэнка