Вторник, 8 октября 2024

Актуальнае інтэрв’ю. Што зроблена ў Пружанскім раёне па праграме «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека»

322

Дзяржаўнай праграме «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» дадзены старт яшчэ ў студзені 2021 года. Што было зроблена сёлета ў рамках праграмы для аказання дапамогі шматдзетным сем’ям і хто атрымаў матэрыяльныя выплаты на неабходныя патрэбы за бягучы перыяд 2024 года? Па адказ на гэтыя і іншыя пытанні мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пружанскага райвыканкама Віталія Матвіенкі.

— Віталій Іванавіч, наколькі рэалізавана дзяржаўная праграма ў раёне і хто мае патрэбу ў дапамозе?

— Безумоўна, у нас вельмі шмат сем’яў, якія маюць патрэбу ў дадатковай дапамозе з боку дзяржавы, асабліва ў перыяд падрыхтоўкі дзяцей да школы. У рамках падпраграмы «Сям’я і дзяцінства» сёлета аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога 709 шматдзетным сем’ям, дзе пражывае 1487 дзяцей, якія навучаюцца ва ўстановах агульнай, сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Са сродкаў бюджэту на гэтыя мэты вы-дзелена 193220 рублёў.

Абсалютна ўсе, хто падаў заявы і сапраўды меў патрэбу ў дапамозе, атрымалі матэрыяльныя выплаты.

— Мы ведаем, што ўсе грамадскія аб’яднанні сёлета праводзілі спецыяльныя акцыі, арганізоўвалі дабрачынныя зборы для падтрымкі сем‘яў, якім неабходна была дапамога. Якая іх роля ў рэалізацыі гэтай праграмы і што было зроблена?

— Усе грамадскія аб’яднанні раёна не засталіся ўбаку і правялі маштабную работу па зборы сродкаў і аказанні дапамогі сем’ям, якія маюць у гэтым патрэбу. Напрыклад, РГА «Белая Русь» аказала дапамогу 34 шмат-дзетным і 6 маламаёмасным сем’ям (121 дзіцяці) на агульную суму ў памеры 2650 рублёў. Таксама дзецям былі ўручаны салодкія падарункі і канцылярскія прыналежнасці. РА «Беларускі фонд міру» сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў правялі акцыю «Прафсаюзы дзецям». Неабходную дапамогу атрымалі 70 дзяцей-сірот і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама 37 сем’яў (40 дзяцей) — выхаванцы інтэрнатаў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмных і апякунскіх сем’яў — на суму 1200 рублёў.

— Якую дапамогу сёлета атрымалі непаўналетнія, якія апынуліся ў сацыяльна-небяспечным становішчы?

— Для аказання дапамогі непаўналетнім ТЦСАН правёў акцыю «Збяры дзіця ў школу». На сабраныя грашовыя сродкі набыты канцылярскія тавары і школьныя прыналежнасці. Па месцы працы бацькоў аказана дапамога на суму 3377 рублёў. Таксама раённым прафсаюзным камітэтам работнікаў аграпрамысловага комплексу аказана дапамога 142 дзецям са шматдзетных сямей на 7100 рублёў. Для выхаванцаў ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Пружанскага раёна» ва ўнівермагу была ўстаноўлена скрыня для дабрачынных ахвяраванняў (канцылярыя, адзенне, бялізна). Усё сабранае патрапіла ў рукі адрасатаў.

— Што датычыцца дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (ДАСД). Колькі людзей яе ўжо атрымалі?

Дапамога для вяртання затрат на набыццё падгузнікаў прадастаўлена 445 атрымальнікам. Для забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця за студзень—чэрвень звярнулася 20 сем’яў (30 дзяцей). Усім прызначана бясплатнае дзіцячае харчаванне.

— Хто мае права на атрыманне матэрыяльнай дапамогі са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) РБ?

— Матэрыяльная дапамога з ФСАН аказваецца непрацуючым пенсіянерам, хто мае патрэбу, інвалідам і дзецям-інвалідам, якія атрымліваюць пенсіі ў органах сацыяльнай абароны горада. Такая дапамога аказваецца, як правіла, не больш за адзін раз на працягу каляндарнага года. У гэтым годзе яе атрымали 265 пажылых грамадзян і інвалідаў.

Гутарыла Ірына Велясевіч.

Фота Кацярыны Масік