Кожны год у другую нядзелю ліпеня адзначаюць сваё прафесійнае свята супрацоўнікі падатковай службы Беларусі. Гэта свята ўсіх тых, хто сваёй паўсядзённай працай кантралюе выкананне падатковага заканадаўства і забяспечвае папаўненне бюджэту дзяржавы, сацыяльную стабільнасць у краіне.

Пра будні службы мы пагутарылі з начальнікам інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне Ірынай Басько.
— Ірына Аляксандраўна, якія з накірункаў дзейнасці Вы лічыце найбольш значнымі для развіцця падатковай службы?
—Не памылюся, калі скажу: усё, што адбываецца з падаткамі, выклікае самую вялікую цікавасць у грамадстве. Падаткаабкладанне, так ці інакш, за-кранае інтарэсы народа ў цэлым і кожнага асобнага грама-дзяніна. І галоўнай задачай развіцця падатковых органаў з’яўляецца наша пераўтварэнне ў кліентаарыентаваную службу.
Так, мы застаёмся дзяржаўнай службай, адказнай за напаўненне бюджэту, але робім гэта не толькі за кошт фіскальных мер, але і дзякуючы стварэнню камфортных умоў і асяроддзя для добраахвотнага выканання плацельшчыкамі падатковых абавязкаў.
Вось ад гэтай галоўнай мэты, як ад ствала дрэва, «растуць» іншыя накірункі дзейнасці і праекты, якія рэалізуюцца.
Гэта, напрыклад, новая рэдакцыя Падатковага кодэкса. Для рэфармавання яго былі прыцягнуты самыя розныя катэгорыі плацельшчыкаў, іх прапановы і склалі аснову новай рэдакцыі.
Гэта і аддаленыя формы ўзаемадзеяння з плацельшчыкамі, электронныя сэрвісы.
—Сапраўды, мы ўжо прывыкаем да таго, што зварот у падатковую інспекцыю — гэта неабавязкова асабістае яе наведванне.
—Электронныя сэрвісы сёння даступныя абсалютна кожнаму. Яны паскараюць, спрашчаюць, робяць больш эфектыўным наша ўзаемадзеянне. Не за гарамі з развіццём ІТ-інфраструктуры і пераход на поўную лічбавую арганізацыю працэсаў адміністравання.
Але ў плацельшчыка, вядома ж, павінен быць выбар. Калі ёсць патрэба ў візіце ў падатковую інспекцыю – ён павінен быць камфортным і не займаць шмат часу. Жадае плацельшчык вырашыць пытанне, не пакідаючы працоўнага месца, такая магчымасць у яго таксама ёсць. Летась электроннымі паслугамі карысталіся больш за 5 тысяч суб’ектаў гаспадарання, сёлета ў сувязі з уводам транспартнага падатку, я думаю, іх будзе нашмат больш.
Дарэчы, каб плацельшчыкі транспартнага падатку мелі магчымасць азнаёміцца з пералікам зарэгістраваных за імі транспартных сродкаў, Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь быў уведзены ў эксплуатацыю адпаведны электронны сэрвіс. Тут сабрана інфармацыя пра ўсе транспартныя сродкі, якія ёсць ва ўласнасці плацельшчыка па стане на 1 студзеня 2021г., за выключэннем тых, што выпу-шчаны раней 1992г. Пакуль гэтыя звесткі аб транспартных сродках даступны толькі фізіч-ным асобам, але ў бліжэйшай перспектыве сэрвісам змогуць карыстацца і юрыдычныя асобы.
Карысны электронны функцыянал рэалізаваны і ў дачыненні да арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. У ім удасканальваецца папярэдні камеральны кантроль, які дазваляе плацельшчыкам на стадыі запаўнення і накіравання дэкларацый выявіць памылкі запаўнення.
—Пра камеральны кантроль мы чуем усё часцей…
—Так, яго доля ў агульным аб’ёме кантрольнай дзейнасці ўзрастае. Прагрэсіўны, тэхналагічны і гнуткі інструмент кантролю падатковых органаў дазваляе выяўляць парушэнні ў плацельшчыкаў, каб даць магчымасць добраахвотна ўдакладніць падатковыя абавязацельствы і самастойна даплаціць падаткі ў бюджэт без прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. У 2020 годзе такой магчымасцю, дарэчы, скарысталася недзе 96% плацельшчыкаў, якім былі накіраваны прапановы скарэкціраваць падатковыя абавязацельствы.
Камеральны кантроль дазваляе не ўмешвацца ў работу бізнэсу і адначасова павялічвае эфектыўнасць правядзення кантрольных мерапрыемстваў. Колькасць традыцыйных праверак пры гэтым з года ў год змяншаецца.
У цэлым за кошт адміністравання і прафілактыкі парушэнняў заканадаўства ў мінулым годзе нашай інспекцыі атрымалася пакласці ў бюджэт каля аднаго мільёна рублёў, а за першае паўгоддзе 2021 года — ужо 1,8 млн.руб.
—Нямала апошнім часам разважаюць пра такую праблему, як зарплата «ў канвертах». Наколькі яна застаецца актуальнай?
—Адной з задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы перад дзяржаўнымі органамі на 2021 год, з’яўляецца процідзеянне выплатам зарплаты ў «канвертах».
Матывуючы чалавека пагадзіцца на выплату зарплаты, не аформленай дакументальна, наймальнік называе гэта «клопатам» пра работніка: маўляў, без выплаты падаткаў сума заработнай платы будзе большай, чым афіцыйная. Вядома ж, гэта не так. Наймальнік замоўчвае, што работнік губляе сацыяльную абароненасць. У выпадку хваробы бальнічныя лісты не будуць аплачаны, зарплата «без ведамасці» адаб’ецца на дапамогах па цяжарнасці і родах, якія вылічваюцца з афіцыйнага сярэдняга заробку.
Пры атрыманні банкаўскага крэдыту на будаўніцтва жылля, іншыя спажывецкія патрэбы пацвердзіць сваю плацежаздольнасць можна толькі афіцыйнай заработнай платай. Пры вылічэнні памеру пенсіі будуць улічаны толькі тыя сумы заробку, з якіх выплачаны страхавыя ўзносы, а значыць, ён будзе ніжэйшы за магчымы.
Аплата навучання, купля кватэры ці дома, аўтамабіля — усё гэта знаходзіцца пад кантролем дзяржаўных органаў. У чалавека ў любы момант могуць спытаць: за якія сродкі ён робіць буйныя пакупкі, запатрабаваць дэкларацыю для ўсталявання крыніцы і памеру даходаў.
Але самае галоўнае для работніка — адсутнасць якіх-небудзь гарантый атрымання абумоўленай толькі на словах аплаты сваёй працы.
Таму ад атрымання зарплаты «ў канверце» ў пройгрышы застаецца не толькі бюджэт, але і, у першую чаргу, сам працаўнік.
— Ці часта падобныя праявы выяўляюцца ў нашым раёне?
—Нашай інспекцыяй пастаянна вядуцца кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па выяўленні парушэнняў у сферы выканання наймальнікамі заканадаўства аб працы і занятасці насельніцтва ў сферы афармлення працоўных адносін і забеспячэння дзяржаўнага сацыяльнага страхавання працаўнікоў.
Толькі за мінулы перыяд бягучага года выяўлена больш за 100 грамадзян, з якімі не афармляліся працоўныя адносіны, у бюджэт ужо дадаткова паступіла 8,1 тыс. руб. падаходнага падатку.
—З якімі вынікамі падыходзіце да свайго прафесійнага свята?
—Па выніках працы за 2020 год Пружанская інспекцыя заняла першае месца сярод інспекцый Брэстчыны ў сваёй падгрупе і занесена на Дошку гонару інспекцыі МНС па Брэсцкай вобласці.
Станоўчыя вынікі нашай дзейнасці — гэта карпатлівая праца ўсяго калектыву. У ім сабраліся высокаадукаваныя, кваліфікаваныя спецыялісты, кожны з якіх на сваім рабочым месцы забяспечвае выкананне задач, што стаяць сёння перад працаўнікамі падатковай службы.
З нагоды прафесійнага свята выказваю глыбокую ўдзячнасць усім работнікам падатковай службы. Прыміце самую шчырую падзяку за вернасць абавязку, за важкі ўнёсак у нашу агульную справу. Шчасця кожнаму з вас і вашым блізкім, добрага здароўя, веры ў свае сілы, волі і настойлівасці ў дасягненні новых прафесійных вышынь на карысць роднага краю, сваёй сям’і!
Асобная ўдзячнасць і найлепшыя пажаданні здароўя і шчасця — нашым ветэранам, якімі быў створаны надзейны падмурак у мінулыя гады.

Шмат гадоў аддалі працы ў падатковых органах гэтыя жанчыны — работнікі ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі МПЗ па Пружанскім раёне. Фактычна кожная з іх стаяла ля вытокаў станаўлення падатковай службы незалежнай Беларусі. Справа налева — начальнік упраўлення Святлана Міхайлаўна Жук, галоўны падатковы інспектар Алена Фамінічна Сакалоўская, намеснік начальніка ўпраўлення Алена Васільеўна Макарэвіч.
Фота Кацярыны Масік.
Гутарыла Ірына Сядова.