Пра гэтага чалавека, сапраўднага прафесіянала сваёй справы — Пятра Білецкага, можна расказваць гадзінамі, кнігу напісаць і нават не адну. Але больш за ўсё пра яго можа распавесці моцная гаспадарка, якой кіруе Пётр Мікалаевіч.
Пётр Мікалаевіч Білецкі — кіраўнік адкрытага акцыянернага таварыства «Мурава». Абрэвіятура «ААТ» з’явілася не так даўно. Шмат гадоў гаспадарка насіла назву «Калгас імя Калініна», а яшчэ раней, перад Вялікай Айчыннай вайной, існавала «Чырвоная Мурава»: у далёкія для нас гады самую першую невялічкую калектыўную гаспадарку, якая стала прадвеснікам масавай калектывізацыі, стварылі мясцовыя жыхары.
Але не будзем перасказваць гісторыю. Калі хто хоча даведацца пра яе падрабязней, то ў 2023 годзе, якраз да юбілею гаспадаркі, выйшла ў свет кніга «ААТ «Мурава» — 75». У цудоўным каляровым альбоме можна прасачыць увесь шлях сельгаспрадпрыемства. Сёння ж я раскажу пра цяперашнюю «Мураву», а яшчэ больш — пра яе гаспадара.
Гонар пазнаёміцца з ім выпаў, калі мы разам у складзе дэлегацыі Пружанскага раёна ездзілі ў Мінск, прысутнічалі на Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу ў 2022 годзе. Пётр Мікалаевіч уразіў сваёй спакойнай інтэлігентнасцю, разважлівай размовай і не па-мясцоваму пявучай гаворкай. Так, сапраўды аказалася, што Пётр Білецкі нарадзіўся ў Іванаўскім раёне, але большая частка яго жыцця прайшла менавіта на Пружаншчыне. Тут ён адбыўся як прафесіянал, гаспадар.
Як расказвае сам Пётр Мікалаевіч, любоў да сельскай працы, а дакладней, да раслінаводства, у яго з дзяцінства. Паўплываў на гэта Георгій Варановіч, які жыў па суседству, працаваў у сельскай гаспадарцы, а пасля кіраваў раённым аграпрамысловым комплексам. Сапраўдная ж праца ў сельскай гаспадарцы пачалася у юнака пасля заканчэння школы і атрымання пасведчання трактарыста. У тыя гады гэта было даволі проста зрабіць. Пры школе існаваў вучэбны камбінат, дзе можна было атрымаць сапраўдную пуцёўку ў жыццё, выбраць напрамак дзейнасці, а пасля — удасканальваць, калі гэта самому патрэбна.
Іменна з гэтага, як лічыць сам Пётр Мікалаевіч, пачалася яго працоўная біяграфія. Пакуль не споўнілася 18 гадоў, працаваў у мясцовай гаспадарцы памочнікам трактарыста. Затым была трохгадовая служба ў радах Савецкай арміі, дакладней, на Ваенна-марскім флоце. Можа, часткова і гэтым тлумачыцца ўстойлівая вывераная хада, выпраўка, сіла волі.
Пасля вайсковай службы ён працягнуў вучобу ў Пружанскім саўгасе-тэхнікуме, дзе набыў прафесію агранома. Як бачна, дзіцячая цяга да раслінаводства займела лагічны працяг. Як прызнаецца Пётр Мікалаевіч, засталася яна назаўсёды: што б ні пасадзіў, пасеяў, дае моцныя ўсходы, добры ўраджай.
Закончыўшы вучобу ў саўгасе=тэхнікуме, Білецкі адразу паступае ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Мэта адна — пашырыць свае веды ў аграноміі. Вышэйшую навучальную ўстанову таксама скончыў паспяхова — і атрымаў прапанову працаваць у знакамітым калгасе «Рассвет» Пружанскага раёна. А прапанаваў яму гэта сам Яўген Іванавіч Кудзінаў, які ўзначальваў гаспадарку. Такія прапановы дарагога каштуюць!
Спачатку маладога спецыяліста паставілі начальнікам участка. У падпарадкаванні ў яго было больш за 90 чалавек. Усе ведаюць: як сябе зарэкамендуеш, такія адносіны ў падначаленых і будуць. Нягледзячы на маладосць, Пятра Мікалаевіча паважалі.
І вось у 1987 годзе Пятру Білецкаму прапаноўваюць узначаліць калгас імя Калініна. Цяжка яму далося рашэнне: душой прыкіпеў ён да Калядзіч, як кажуць, пусціў тут карані. Ды і сям‘я, любімая жонка і дзве дачкі, прывыклі да месца. Калядзічы размешчаны даволі зручна, каля трасы, Мурава ж — сярод лясоў, у глыбінцы.
— Але, як тады жартавалі, партыя сказала: «Патрэбна!», камсамол адказаў: «Ёсць!» — усміхаецца Пётр Мікалаевіч. Паехаў наш герой разам з сям‘ёй асвойваць новую гаспадарку. Больш за тры з паловай дзясяткі гадоў з таго часу прайшло.
Новы кіраўнік зарыентаваў работу сельгаспрадпрыемства на павышэнне механізацыі працы і энергаўзброенасці вытворчасці. Гэтая ініцыятыва была апраўдана патрабаваннямі таго часу (застаецца актуальнай яна і сёння). Пры энергаўзброенасці канца 80-х гадоў, калі на аднаго работніка гаспадаркі прыпадала не больш за 10 конскіх сіл, ураджайнасць звыш 32-36 цэнтнераў з гектара і надоі на карову ледзь большыя за тры тысячы кілаграм лічыліся амаль не рэкорднымі. Каб іх павялічыць, патрабавалася інтэнсіфікацыя вытворчасці. На гэта і зрабіў упор малады старшыня (а за шматгадовую працу Пётр Білецкі не толькі аграномію дасканала асвоіў, але і ў іншых сельгасгалінах стаў сапраўдным вучоным).
Перш за ўсё пачалося папаўненне машынна-трактарнага парка. Толькі ў 1988 годзе калгас атрымаў 15 трактароў МТЗ-80, аўтамабіль ЗіЛ-44150, самазвал, заправачную машыну, бульбасаджалку, аўтобус і іншыя транспартныя сродкі. У тым жа годзе была пабудавана малочнатаварная ферма ў Ізбіцах. Тут — адна з першых у раёне — з’явілася даільная зала.
У наступныя пяцігодкі сельгасарганізацыя толькі нарошчвала свае магутнасці за кошт пакупкі камбайнаў, культыватараў, зернепагрузчыкаў, аўтакранаў, будаўніцтва КЗС-40 у Мураве. Усё гэта добрым чынам адбілася на павелічэнні працоўных паказчыкаў.
Але акрамя набыцця тэхнікі, будаўніцтва аб’ектаў сельгасвытворчасці, кіраўнік гаспадаркі клапаціўся аб зручнасці пражывання мураўцаў. Будаваліся новыя дарогі, магазіны, жылыя дамы, на цэнтральнай сядзібе ўзняўся Дом культуры. Вёскі станавіліся больш сучаснымі. І ўсё гэта нягледзячы на «ліхія 90-я», калі даводзілася даставаць, выбіваць, знаходзіць літаральна кожную дробязь.
Пётр Мікалаевіч Білецкі прайшоў праз усе выпрабаванні. Разам з касцяком спецыялістаў, работнікаў гаспадаркі стваралі новыя вытворчасці, інфраструктуру. Хто яшчэ не быў у аграгарадку Мурава, спецыяльна прыедзьце туды, паглядзіце на яго прыгажосць, утульнасць, зручнасць. У ім ёсць нейкая свая адметнасць. Тут хочацца быць, жыць і застацца.
Зараз Пятру Мікалаевічу ўжо за 70. Але ніколі не скажаш, што за плячыма гэтага абаяльнага, маладжавага, статнага чалавека столькі гадоў. Ды гэта факт. Яго вельмі паважаюць жыхары ўсіх населеных пунктаў, якія размешчаны на тэрыторыі ААТ «Мурава», не гаворачы пра работнікаў таварыства. Ёсць за што. Хто б ні звярнуўся з просьбай да кіраўніка гаспадаркі, заўсёды атрымліваў дапамогу, параду. Гэта важна: умець быць не толькі кіраўніком, але і Чалавекам з вялікай літары.
Дзейнасць Пятра Мікалаевіча Білецкага адзначана шматлікімі ўзнагародамі: медалямі, ганаровымі граматамі, падзякамі. Пётр Білецкі даволі працяглы час узначальвае раённы аграпрамысловы саюз. І ўсе ўзнагароды, званні — заслужаныя. Але сам Пётр Мікалаевіч не вельмі любіць іх выстаўляць напаказ. Ледзь мы ўгаварылі яго надзець свой парадны пінжак з узнагародамі для фотаздымка.
Ведаеце, аб’язджаючы разам з Пятром Білецкім уладанні ААТ «Мурава», прасякаўся яшчэ большай павагай да яго як да сапраўднага гаспадара. Так, адзін у полі — не воін, увесь калектыў працуе на вынік. Ды калі няма талковага кіраўніка, то любую справу можна загубіць. А Пётр Мікалаевіч Білецкі — адзін з лепшых кіраўнікоў не толькі ў раёне, але, думаецца, і ва ўсёй Рэспубліцы Беларусь.
Віктар Ільюшчанка.
Фота Кацярыны Масік