«Галоўны рэкорд — здароўе». Так называлася акцыя па скандынаўскай хадзьбе, якую на гарадскім стадыёне «Мухавец» наладзіла аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Мерапрыемства прайшло ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце» і раённага плана «Пружаны — здаровы горад».
У акцыі, якую адкрывалі дырэктар ТЦСАН Нэлі Педчанка і старшыня раённай грамадскай арганізацыі ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, прынялі ўдзел аматары скандынаўскай хадзьбы, якія наведваюць аддзяленне, а таксама ветэраны.
Акцыя складалася з чатырох асноўных этапаў (размінкі, майстар-класа па скандынаўскай хадзьбе і інш.), падчас якіх усе ўдзельнікі атрымалі неверагодны зарад бадзёрасці і энергіі, паколькі ў гэтым відзе спорту ў работу ўключаецца да 90% мышцаў цела. Потым пажылыя спартсмены прынялі ўдзел у віктарыне, падчас якой даведаліся, што скандынаўская хадзьба як від спорту з’явілася толькі ў 30-я гады ХХ стагоддзя, хаця асобныя яе элементы былі вядомы ўжо ў XVII ст. і выкарыстоўваліся на трэніроўках… каралеўскіх мушкецёраў у Францыі. А ў 1932 г. скандынаўская хадзьба была дададзена ў алімпійскую праграму.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі былі адзначаны граматамі за актыўны ўдзел.
Падобная «скандынаўская» імпрэза была праведзена ў Пружанах упершыню, але мы спадзяёмся, што яна стане добрай традыцыяй і будзе праводзіцца штогод, а колькасць удзельнікаў толькі павялічыцца.
Алена Астапчык, кіраўнік гурткоў фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці
Вялікі фотарэпартаж са спартыўнага мерапрыемства тут: https://ok.ru/budni/album/930799305864
Фота Кацярыны Масік.