Сярод вялікай колькасці навагодніх і калядных акцый былі і мерапрыемствы, якія правяла раённая арганізацыя РГА «Белая Русь». І было іх сапраўды нямала. Ахапілі яны дзетак з усяго Пружанскага раёна.

Старт акцыі «У новы год — з «Белай Руссю», якая стала часткай агульнарэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», быў дадзены яшчэ 19 снежня. Менавіта ў гэты дзень 12 пружанскіх дзетак адправіліся ў Брэст. Хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі на спектаклі «Шчаўкунок» у тэатры лялек, паглядзелі навагодняе прадстаўленне з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі, роставых лялек, атрымалі падарункі і сувеніры.
Да акцыі «Белай Русі» далучыліся ваеннаслужачыя 210-га авіяцыйнага палігона і нават Дзядуля Мароз са Снягуркай, якія прыбылі з Ружанскай пушчы. Усе разам напярэдадні 2023-га адправіліся з навагоднімі віншаваннямі на Ружаншчыну, да дзетак, якія маюць пэўныя праблемы са здароўем. Не абышлося без вершаў, усмешак і падарункаў.
Актыўны ўдзел у мерапрыемствах акцыі «У новы год — з «Белай Руссю» прыняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Аляксандр Ляўчук. Ён разам са старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Таццянай Кашкан наведаў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Гасцей з вялікай радасцю сустракалі і дзеці, і дарослыя. Выхаванцы цэнтра з падзякай прымалі салодкія падарункі і развіваючыя гульні. У сваю чаргу дзеці ўручылі Аляксандру Леўчуку і Таццяне Кашкан вырабы, над якімі працавалі самі.
Завітаў Аляксандр Ляўчук і ў Новыя Засімавічы, а дакладней, да шматдзетнай сям’і Юліі Азанавай-Галаўніцкай. Радуюць маму трое дзетак: пяцігадовая Вераніка, васьмігадовы Кірыл і Мікіта, які вучыцца ў каледжы. Малыя з задавальненнем расказвалі пра свае захапленні, дэманстравалі малюнкі. Аляксандр Ляўчук і Таццяна Кашкан перадалі сям’і салодкія падарункі, цацкі, канцылярскія прылады і многае іншае.
Салодкасці былі перададзены і сям’і Ірыны Бурдук з Новых Засімавічаў. Увогуле, падчас акцыі падарункі ад «Белай Русі» атрымалі каля 200 дзяцей са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, а таксама дзетак-інвалідаў Пружанскага раёна.
Уручылі сувеніры таксама юным удзельнікам і актывістам мерапрыемстваў і конкурсаў пад эгідай «Белай Русі».
Уключыліся ў акцыю і шматлікія пярвічныя арганізацыі. Так, пярвічка з СШ № 1 імя ЧБВА ўручыла падарункі вучням школы. Падарункі для сем’яў падрыхтавала пярвічная арганізацыя ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Правялі шэраг навагодніх мерапрыемстваў і ўручылі падарункі актывісты «Белай Русі» з Ліноўскага сельвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, аўтапарка № 11, «Пружанскага завода радыёдэталяў» і іншых арганізацый раёна.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла