Падчас сёлетняй акцыі па імунізацыі насельніцтва з дапамогай прышчэпкі ўжо засцярог сябе ад грыпу кожны сёмы жыхар Пружаншчыны: паводле даных Пружанскага РЦГЭ, па стану на 12 кастрычніка прышчэпкі зрабілі 7767 чалавек, у тым ліку 2136 дзяцей.
Усяго ж перад чарговым сезонам прастудных захворванняў пружанскія медыкі плануюць прышчапіць каля 40% насельніцтва раёна.
Як звычайна, найбольш актыўна праводзіцца вакцынацыя насельніцтва за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Акрамя таго, арганізаваны выезды брыгад медыкаў на прадпрыемствы, дзе за свой кошт вырашылі паклапаціцца пра здароўе работнікаў. Тут робяць прышчэпкі, як кажуць, без адрыву ад вытворчасці.
У якасці аргумента на карысць вакцынацыі спецыялісты Пружанскага РЦГЭ прыводзяць штогадовы аналіз эфектыўнасці імунізацыі супраць грыпу: з павелічэннем ахопу вакцынацыяй зніжаецца паказчык захворвання вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку і грыпам. У выніку ў эпідсезон чалавек не толькі менш хварэе, але і менш падвяргаецца небяспецы заразіцца ў грамадскім транспарце, магазіне, школе. Адпаведна колькасць выдачы лістоў па прычыне страты працаздольнасці памяншаецца.
Усім, хто жадае зрабіць прышчэпку супраць грыпу, рэкамендуецца не адкладваць: навукова абгрунтавана, што атрымаць дозу вакцыны найлепш як мага раней да пачатку эпідсезона. Нагадаем, прышчапіцца супраць грыпу можна на любым урачэбным участку.
На здымку: атрымлівае прышчэпку загадчык аддзела эпідэміялогіі Пружанскага РЦГЭ М.В.Жуковіч.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)