«Айчыне служым»
Пад такой назвай у мінулую пятніцу ў гарадскім Палацы культуры прайшоў відовішчны канцэрт, які пружанцам падараваў Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.Гэты калектыў — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — падрыхтаваў праграму, прымеркаваную да 100-гадовага юбілею беларускай арміі, з якой наведаў Пружаны і Барысаў.
Трэба сказаць, што жыхары горада з задавальненнем правялі пятнічны вечар у зале. І, думаю, што ніхто не пашкадаваў патрачанай гадзіны. На працягу ўсяго канцэрта выступоўцы практычна не давалі гледачам засумаваць: нумары артыстаў былі настолькі яскравыя, што кожны раз зрывалі шквал апладысментаў уражаных пружанцаў, якія таксама падпявалі выканаўцам песень аб Радзіме, сяброўстве, каханні, патрыятызме, вайсковай мужнасці ў сучаснасці і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адметна, што актыўнасць на канцэрце праяўлялі не толькі прадстаўнікі старэйшага пакалення, але і моладзь. Напрыканцы праграмы ўсе прысутныя апладзіравалі артыстам стоячы.
З падзякай за запрашэнне і падтрымку да кіраўніцтва Пружанскага раёна, а таксама да такой актыўнай аўдыторыі звярнуўся мастацкі кіраўнік ансамбля палкоўнік У.С.Варапаеў. Ён зазначыў, што за гадзіну пераканаўся ў неабходнасці прыехаць у Пружаны яшчэ раз, прычым з больш насычанай праграмай.
Алег Сідарэнка.
Фота Сяргея Талашкевіча.