Тэматычная агульнарэспубліканская акцыя «Разам з мастацтвам», прысвечаная святкаванню 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прайшла на мінулым тыдні ў вялікай зале Палаца культуры.
Удзел у падзеі прынялі артысты маладзёжнага тэатра эстрады Дзмітрый Сяргееў, Вольга Булай, Яўген Ермалковіч і Шыр. У сваім прывітальным слове начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Аляксандр Момлік адзначыў важнасць гэтай падзеі для нашага горада і падкрэсліў, што ў зале сабраліся людзі маладога і сярэдняга ўзросту, якія ўжо сёння актыўна заяўляюць аб сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Аляксандр Канстанцінавіч перадаў копіі дакументаў з фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык» мастацкаму кіраўніку агульнарэспубліканскай акцыі «Разам з мастацтвам» Аляксандру Далжэўскаму для далейшай перадачы іх у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны горада Мінска.
— Дзякуй усім прысутным у зале, што вы разам з намі. Дзякуй нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за тое, што маем магчымасць жыць у мірнай, прыгожай краіне. Усіх віншуем з надыходзячым святам 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і святам Вялікай Перамогі. Няхай неба над Беларуссю заўсёды будзе мірным, чыстым і светлым, — падкрэсліў Аляксандр Пятровіч.
Артысты маладзёжнага тэатра эстрады выканалі песні, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і нашай любімай Радзіме. Выдатнае выступленне ўдзельнікаў не магло пакінуць прысутных у зале людзей абыякавымі.
Таксама кожны артыст расказаў, што значыць для яго гэтая дата, якім чынам страшныя падзеі 80-гадовай даўніны закранулі яго сям’ю. Яўген Ермалковіч узгадаў словы сваёй бабулі, якая расказвала, што пры бамбардзіроўцы яны хаваліся ў склепе. Калі ж выйшлі на вуліцу, былі ў шоку ад убачаных неразарваных снарадаў, якія нагадвалі газавыя балоны. Дзмітрый Сяргееў расказаў, што яго дзядуля ў гады вайны змог абараніць свой двор ад салдатаў фашысцкай арміі. Убачыўшы дзіця, якое з поўнай рашучасцю расставіла рукі і падало знак, што забараняе праходзіць на дадзеную тэрыторыю, немцы, як ні дзіўна, сышлі, так нічога і не крануўшы. Вольга Булай успомніла аповеды сваёй бабулі пра тое, як вёску, дзе яны жылі, спалілі немцы і сям‘і з пяццю дзецьмі давялося на працягу сямі месяцаў жыць у зямлянцы…
Мерапрыемства скончылася на прыўзнятай ноце. Пад песню «Родная Зямля» ў выкананні Вольгі Булай усталі са сваіх месцаў і падпявалі практычна ўсе прысутныя ў зале.
Акцыю «Разам з мастацтвам» падтрымаў і Палац культуры. Свае творчыя нумары прадставілі народны вакальны гурт «МакSімум» і Алёна Лосева. Таксама ў фае Палаца культуры можна было пазнаёміцца з выставамі на тэматыку Вялікай Айчыннай вайны.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302400024 і https://ok.ru/budni/album/977834008712