Суббота, 18 января 2025

Агульнагарадскі бацькоўскі сход

564

Сёлетні агульнагарадскі бацькоўскі сход прайшоў пад дэвізам «Дабрабыт дзяцей — надзейная гарантыя паспяховай будучыні». Менавіта гэтай тэме былі прысвечаны выступленні прамоўцаў, у такім жа ключы мерапрыемства распачалі і ўдзельнікі агітбрыгады гімназіі. Дзеці звярнуліся да дарослых з просьбай не дапускаць жорсткасці да сваіх сыноў і дачок, звяртаць увагу на іх праблемы і дапамагаць у складаных жыццёвых абставінах.

— Мы прывыклі ў тых сітуацыях, калі падлетак учыніць злачынства ці якое-небудзь правапарушэнне, «шукаць вінаватых», — працягнуў раскрываць распачатую тэму намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. — У якасці прычын такога здарэння называем дрэннае выхаванне, негатыўны ўплыў кампаній, збег абставінаў… Хаця асноўная віна на дарослых, на нас саміх — бацьках, педагогах, прадстаўніках адміністрацыйных органаў. Мы своечасова не паказалі падлетку добры прыклад, не знайшлі падыход да дзіцячай душы, не звярнулі ўвагі на тое, што бацькам сын ці дачка сталі непатрэбнымі. Бывае і такое.

Сапраўды, да ўчынення кожнага правапарушэння, калі прааналізаваць здарэнне, нешта падлетка паштурхнула. Чаму адзін прайшоў міма аўтамабіля, а другі вырашыў падрапаць кузаў? Чаму адзін ідзе ў спартыўную школу, а другі — у кампанію дарослых абібокаў, каб папіць з імі піва? Адзін вывучае алімпіядныя заданні ў інтэрнэце, а другі наймаецца ў «чорны» інтэрнэт-магазін закладчыкам наркотыкаў?

— Дзеці не нараджаюцца злачынцамі, яны выбіраюць дрэнны шлях, калі іншага прыкладу не маюць перад вачыма, — зазначыў у сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік. — Успомніце, калі вы разам з сынам ці дачкой наведвалі Лядовы або Водны палацы? Перакананы, што адзінкі змогуць гэта зрабіць, і прывяду такі прыклад. У нядаўніх спаборніцтвах па валейболе прынялі ўдзел пяць каманд. Не 15 і нават не 10, таму што ў іншых арганізацыях не знайшлося жадаючых. З чаго вынікае, што сярод прысутных у зале амаль што няма аматараў здаровага ладу жыцця. Не імкнуся прымусіць памяняць свае прыхільнасці, але задумайцеся над такой высновай: дзіця капіруе паводзіны дарослых, якія яго акружаюць. І вось такі прыклад вы даяце сваім дочкам і сынам.

Пасля слоў Аляксандра Канстанцінавіча ўспамінаецца хадавое выказванне дарослых адносна сваіх дзяцей «І ў каго ты такі вырас?». Мяркую, што тыя, хто прыняў удзел у агульнагарадскім бацькоўскім сходзе, ужо ведаюць адказ.

З папярэджаннямі да бацькоў звярнуўся начальнік аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі Сяргей Беланоўскі, які звярнуў увагу на злачыннасць, звязаную з распаўсюджаннем і ўжываннем наркотыкаў. Імкненне да «лёгкіх грошай» можа скончыцца зламаным лёсам. І ні адзін нарказакладчык не мінуў пакарання, нават калі ўдавалася каля месяца зарабляць на чужой бядзе.

Выступленні ўрача Пружанскай ЦРБ Марыі Жыгалка і педагога-псіхолага сацыяльнага прытулку Таццяны Барысюк былі прысвечаны выпадкам сексуальнага насілля над непаўналетнімі. Спецыялісты далі парады, як дзейнічаць бацькам у такіх выпадках, дзе шукаць дапамогу і як пазбегнуць трагічных здарэнняў. Іх выступленні падагульніла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Пракопчык. У прыватнасці, яна падказала ўдзельнікам мерапрыемства, што на сайце райвыканкама ёсць рэгіянальная карта дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад сексуальнага насілля, з кантактамі адпаведных службаў.

Пасля сходу ўдалося абмяняцца меркаваннямі з шэрагам бацькоў, якія прынялі ўдзел у агульнагарадскім сходзе. Многія пагаджаліся, што лішні раз варта напалохаць дарослых магчымымі праблемамі, якія прыйдзецца вырашаць, калі ігнараваць паўсядзённае жыццё свайго дзіцяці. Вось толькі выхаванне заўсёды базіруецца на двух прынцыпах, якія па-абывацельску мы называем «метадам пугі і перніка». Таму некаторыя адзначылі, што ў выступленнях прамоўцаў, а таксама ў агітацыйным нумары гімназістаў не хапіла добрых прыкладаў. Аднойчы на выпускным вечары мне давялося пачуць песню дзяўчыны, якая дзякавала свайму тату за шчаслівае дзяцінства. І я б не адмовіўся, калі ў той момант на сцэне была бы мая дачка і адрасавала мне такія ж словы. Веру, што ў нашым грамадстве захавалася нямала добрага, на што таксама трэба акцэнтаваць увагу падчас бацькоўскіх сходаў. Некаму будзе прыемна ўбачыць у апісаным сябе, а іншы пазайздросціць і зробіць для сябе адпаведныя высновы.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік