Воскресенье, 19 января 2025

Аграрыі раёна працуюць якасна. Інтэрв’ю з начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргеем Глушко

469

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу — свята самых працавітых і шчырых працаўнікоў нашай краіны. Гэтыя людзі, як ніхто іншы, ведаюць цану кожнаму кавалачку хлеба. Чаму? Бо самі ж яго сеюць і ўбіраюць, стараючыся не згубіць ніводнага зярнятка. Яны, простыя і адказныя, ствараюць харчовую бяспеку роднай Беларусі, штогод павышаючы надоі малака, падымаючы ўраджайнасць, забяспечваючы нас мясной прадукцыяй. Толькі жыві і радуйся.

Чаго ж дамагліся ў сельскай гаспадарцы за дзесяць месяцаў бягучага года ці не пасарамацілі родную Пружаншчыну? Вось аб гэтым напярэдадні свята мы і пагутарылі з першым намеснікам старшыні райвыканкама — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргеем Глушко.

— Сапраўды, Сяргей Аляксандравіч, ці ёсць нам чым ганарыцца, ці не здалі пазіцыі?

— Не проста не здалі, а нават умацавалі. Па валавой вытворчасці збожжа земляробы Пружанскага раёна ўпэўнена занялі лідзіруючыя пазіцыі ў абласным рэйтынгу і годнае месца ў караваі Брэстчыны. Атрыманы рэкордны рэзультат па валавым зборы збожжа, намалочана 166 тыс. тон пры ўраджайнасці 46 ц/га. Пружаншчына ў чарговы раз адной з першай у вобласці перасягнула 100-тысячны рубеж па намалоце збожжавых.

Аграрыі нашага раёна даказалі свой прафесіяналізм, стойкасць, паказалі зладжаную работу. Атрыманы валавы збор збожжа дазволіў забяспечыць галіну жывёлагадоўлі якасным фуражом, стварыць неабходныя рэзервы.

Па выніках абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод раёнаў Брэсцкай вобласці Пружанскі заняў першае месца, сярод сельскагаспадарчых арганізацый Брэстчыны дамагліся лепшых рэзультатаў і сталі ўладальнікамі 1-га і 2-га месцаў ААТ «Агра-Калядзічы» і «Жураўлінае».

З кожным годам павялічваюцца рады перадавікоў з ліку маладых хлебаробаў, якія пацвярджаюць, што будучае вёскі, яе лепшыя традыцыі і дасягненні знаходзяцца ў надзейных руках. Асаблівая падзяка ветэранам, якія працягваюць працаваць на зямлі, перадаюць свой вопыт і веды моладзі.

Удзел у жніве прыняло 126 камбайнавых экіпажаў і 145 вадзіцеляў. Па выніках уборкі 68 экіпажаў намалаціла больш за 1000 тон збожжа, сем — больш за 2000 тон і шэсць — больш за 3000 тон. Лепшыя рэзультаты на адвозцы збожжа ў 28 вадзіцеляў, 22 з якіх перавезлі больш за 2000 тон, пяць — звыш 3000 тон, а лідарам стаў вадзіцель з ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Крэйдзіч з вынікам 4,5 тыс. тон.

Сярод арганізацый раёна з улікам работы трох папярэдніх гадоў лідарамі па вытворчасці збожжа сталі ААТ «Мурава», «Шані-аграпрадукт і «Ружаны-Агра».

— Адным словам, малайцы. Але ж убіралі не толькі збожжа…

— У чарговы раз валавы збор масланасення рапсу б’е ўсе рэкорды. Сабрана 24 тыс. тон пры ўраджайнасці 35 ц/га. Лепшыя вынікі ў калектываў ААТ «Велікасельскае Агра» і «Жураўлінае».

Нягледзячы на пагодныя ўмовы, буракаводы раёна дасягнулі годных рэзультатаў. Валавы збор караняплодаў цукровых буракоў склаў 66 тыс. тон, ураджайнасць — 507 ц/га.

Бульбаводчымі арганізацыямі сабрана 4,6 тыс. тон клубняў, пладаводчымі атрымана 7,5 тыс. тон пладова-ягаднай прадукцыі.

Трэба адзначыць, што ў раёне вядзецца актыўная работа па інтэнсіфікацыі садоў. Яна ўключае прымяненне аптымальных схем размяшчэння дрэў, выкарыстанне сучасных прышчэпаў, а таксама закладку новых сартоў, якія карыстаюцца павышаным попытам у насельніцтва. У выніку мы не толькі павялічым ураджай пладоў у 1,5 раза, але і значна павысім іх якасць.

У РУП «Брэсцкая АСГДС НАН Беларусі» закладзены матачнікі клонавых прышчэпаў пладовых культур (яблынь, груш, сліў, вішань) са штогадовым аб’ёмам вытворчасці да 100 тыс. адводкаў, з якіх 40-45 тыс. выкарыстоўваецца для вырошчвання саджанцаў непасрэдна на доследнай станцыі.

Гаспадаркі раёна паспяхова спраўляюцца з задачай па нарыхтоўцы кармоў. З ураджаю 2024 года для жывёлагадоўлі нарыхтавана 215 тыс. тон к.адз. травяных кармоў, або 31,3 ц.к.адз. у разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы. Лічбы гавораць самі за сябе. Нарыхтаваны аб’ём кармоў дазволіць забяспечыць стабільнае развіццё галіны жывёлагадоўлі.

— І тут жа працавалі не менш сумленныя людзі.

— Па выніках штогадовага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў сярод гаспадарак раёна з улікам работы трох папярэдніх гадоў лідарам стала ААТ «Ружаны-Агра», якое атрымала 47 тыс. тон кармавых адзінак, або 38,8 ц.к.адз. на адну ўмоўную галаву жывёлы, другое і трэцяе месцы ў філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» і ААТ «Пружанскае» адпаведна.

Сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў уладальнікамі прызавых месцаў у абласных спаборніцтвах сталі Сяргей Янушка з ААТ «Агра-Калядзічы», Анатоль Чыбук з «Айчыны» і Сяргей Сахарук — ААТ «Жураўлінае».

Лепшыя вадзіцелі, якія перавозілі травяныя кармы ад кормаўборачных камбайнаў, — Сяргей Сунік (ААТ «Велікасельскае Агра»), Юрый Семка і Уладзімір Савош (ААТ «Жураўлінае»), Юрыс Ніедра і Уладзімір Капарэйка (ААТ «Ружаны-Агра»)

— І, канечне, малако, мяса і яйкі.

— Па выніках 2024 года вытворчасць малака па раёне складзе звыш 290 тыс. тон пры сярэднім надоі ад каровы больш за 7,7 тыс. кг і рэнтабельнасці яго рэалізацыі не менш за 40%. Вытворчасць прадукцыі вырошчвання жывёлы і птушкі ў жывой вазе за гэты год чакаецца парадку 27,5 тыс. тон, у тым ліку вытворчасць мяса БРЖ — больш за 15 тыс. тон і свіней — 12,5 тыс. тон.

Дзякуючы высокай якасці сваёй прадукцыі, гандлёвая марка «Вясковае яйка» ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» добра вядомая не толькі ў Брэсцкай вобласці. За дзесяць месяцаў 2024 года сярод птушкафабрык яечнага накірунку рэспублікі па яйцаноскасці прадпрыемства займае першае месца. Па выніках года чакаецца атрымаць больш за 70 млн яек.

— У выніку, працуем на прыбытак і далейшае развіццё.

— Безумоўна. У бліжэйшы час плануецца рэалізацыя трох інвестыцыйных праектаў, што дасць магчымасць поўнасцю адысці ад старых фермаў з прывязным утрыманнем. У бягучым годзе ў трох гаспадарках узведзены прафілакторыі для ўтрымання цялят.

Усе нашы сельскагаспадарчыя прадпрыемствы працуюць з прыбыткам і забяспечваюць стабільнае развіццё галіны. З ростам эфектыўнасці работы павышаецца і ўзровень зарплаты ў работнікаў. За дзевяць месяцаў бягучага года ў сярэднім яна склала 2235 рублёў, што на 30,3% вышэй за мінулагоднюю. Па гэтым паказчыку мы займаем чацвёртую пазіцыю ў вобласці.

— Ужо гучалі імёны слаўных нашых сельскіх працаўнікоў. Можа, Сяргей Аляксандравіч, яшчэ каго хацелі б адзначыць?

— Усе яны вартыя пахвалы. Але ж… Сярод маладых спецыялістаў назаву ветурача Людмілу Атулян і галоўнага агранома Ілью Юнаша з ААТ «Ружаны-Агра», агранома Мікіту Мацкевіча з ААТ «Агра-Калядзічы», намесніка начальніка МТК «Гарадзечна» Івана Рулінскага (ААТ «Шані-аграпрадукт»), трактарыста-машыніста Дзяніса Тарасюка, ветурача Дар’ю Уюнову і тэхніка-механіка Мікіту Ерша (ААТ «Жураўлінае»), інжынера па механізацыі Дзмітрыя Хомку з «Роўбіцкага», ветфельчара Вераніку Вярэніч з «Велікасельскага Агра».

Словы асаблівай удзячнасці хочацца адрасаваць нашым ветэранам. Вы не ішлі пратаптанымі сцежкамі, аддана служылі сваёй справе, імкнучыся прыносіць карысць людзям.

Велізарны дзякуй работнікам, якія з года ў год уносяць вялікі ўклад у развіццё нашага раёна. Гэта аператары машыннага даення Святлана Варыцкая і Святлана Мароз з «Жураўлінага», брыгадзір вытворчай брыгады Таццяна Агейка з «Айчыны», жывёлавод Ганна Зарэмская і аператар машыннага даення Таццяна Жылко з ААТ «Роўбіцкае», брыгадзір фермы Алена Касюк і жывёлавод Любоў Карунас (ААТ «Велікасельскае Агра»), трактарыст-машыніст Мікалай Свірэпа («Аранчыцкая птушкафабрыка»), трактарыст-машыніст Мікалай Бабрук («Шані-аграпрадукт»), аператары машыннага даення Ганна Асадчук і Ніна Яранчук з ААТ «Ружаны-Агра».

Гутарыў Вадзім Раўнейка

Фота з архіва рэдакцыі