Чарговая ўборка збожжавых і зернебабовых (акрамя кукурузы, грэчкі і проса) сельгаставарыствамі раёна закончана. Хоць надвор’е не заўсёды спрыяла працаўнікам вёскі, Пружаншчына здолела пакласці ў жытнюю скарбонку краіны больш чым 140 тыс. тон зерня (у мінулым годзе да гэтай лічбы недацягнулі — на 12 жніўня 137000) — другое месца за 100 тыс. у Брэсцкай вобласці пасля Баранавіцкага раёна.

Традыцыйна пасля жніва ў гаспадарках па ўсёй Беларусі праводзяцца дажынкі, на якіх выказваецца велізарны дзякуй хлебаробам за іх карпатлівую і шчырую працу, падсумоўваюцца вынікі кампаніі. Напрыклад, ААТ «Жураўлінае» на апошні ўчастак са збажыной паставіла дванаццаць камбайнаў (як месяцаў у годзе), якія і завяршылі на такой сімвалічнай ноце сёлетнюю ўборку. А сапраўды, ці не ўспомніць нам самыя прыемныя і шчымлівыя моманты жніва-2024 у нашым раёне?!
- Першымі ў нашым раёне зрабілі зажынкі ААТ «Ліноўскае» і «Агра-Калядзічы», а адбылася знакавая падзея 17 чэрвеня 2024 года (амаль на два тыдні раней, чым у мінулым годзе). Пачалося жніво з уборкі азімага ячменю.
- ААТ «Агра-Калядзічы» было лідарам у рэгіёне па прасушцы першай 1000 тон зерня. Перамогу святкавалі аператары зернесушыльнага комплексу «Green Way 60» Дзмітрый Усманаў, Аляксандр Янушкевіч, Андрэй Ерахавец і Ігар Гуненка (у 2023 годзе — калектыў ЗСК-80 з філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі»).
- Сямейны экіпаж з ААТ «Жураўлінае» ў складзе старшага камбайнера Віктара Палішчука і камбайнера Вольгі Палішчук (мужа і жонкі) узняліся на першую прыступку п’едэстала на намалоце 1000 тон зерня.
- Вадзіцель з гэтай жа гаспадаркі Анатоль Севасцьянчык першым на Пружаншчыне адвёз 1000 тон збожжа.
- Тысячнік сярод маладых вадзіцеляў — Яўген Зеляняк з ААТ «Агра-Калядзічы».
- Лепшымі з гэтай жа лічбай у раёне былі старшы камбайнер Мікалай Бірук і камбайнер Міхаіл Фядотаў з ААТ «Жураўлінае».
- Задаў тэмп і маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера Уладзіміра Талакняніка і камбайнера Вячаслава Талакняніка з ААТ «Агра-Калядзічы». Хлопцы першымі ўзялі планку ў 1000 тон.

Найбольш намалацілі зерня ў ААТ «Ружаны-Агра» — 25678 тон ( у 2023 годзе — 23643), на другім месцы ААТ «Жураўлінае» з 25408 тонамі (22438). ААТ «Велікасельскае Агра» — бронзавы прызёр — 17768 тон (15035 за мінулы год). Што да ўраджайнасці, то віншуем апошнюю гаспадарку з 68,6 ц/га (62,3 за 2023 год), гэта ж колькі сіл трэба было прыкласці, каб выйсці на такую лічбу! ААТ «Агра-Калядзічы» на круг атрымала 64,0 ц/га (66,8). І з трэцім месцам віншуем ААТ «Жураўлінае» з рэзультатам 58,5 ц/га (57,9).

Ведаем, што адпачываць вам, шаноўныя сельскія працаўнікі, няма калі, бо наперадзе — пасяўная азімых культур. Але ўсё роўна жадаем хоць крышачку расслабіцца, адчуць асалоду ад праведзенай важнай работы — жніва і быць упэўненымі ў тым, што вашы заслугі перад краінай не будуць забыты.
Вадзім Раўнейка.
Фота Уладзіслава Шпарлы
Фотаальбом з завяршэння жніва ў ААТ «Жураўлінае» глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303690392 і https://ok.ru/budni/album/982110132104