Четверг, 7 ноября 2024

«Агра-Калядзічы» лідзіруюць у раёне па тэмпе ранняй яравой сяўбы. Паглядзелі, як ідуць работы ў гаспадарцы

412

Спрадвечная праца на зямлі. Пра важнае значэнне яе для кожнага з нас, для краіны ў цэлым, найперш у плане харчовай бяспекі, можна многа гаварыць. Сельскім працаўнікам на сённяшні дзень важна ў вызначаныя тэрміны і па тэхналогіі правесці сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых. Здаецца, нядаўна ўбіралі ўраджай, а вось і чарговы віток работ у земляробаў.

Ідуць работы на палетках «Агра-Калядзічаў».

Аграрыі нашага раёна з усёй сур’ёзнасцю падыходзяць да сяўбы, таму не на апошнім месцы знаходзіцца асноўная апрацоўка глебы пад яравую сяўбу. Па рэгіёне гэта 41531 га, з якіх на панядзелак бягучага тыдня апрацоўка праведзена на 75 %. Глеба пад сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых падрыхтавана на 85 % — 8612 га пры плане ў 10200 га.

Калі паглядзець на статыстыку па непасрэдна ранняй сяўбе, то ў раёне на 27 сакавіка правялі пасяўную на 32% — 3219 га, у тым ліку за дзень — 527 га.

Лідарам на дзень сённяшні па закладцы зерня ў зямлю ў нас з’яўляецца ААТ «Агра-Калядзічы» — 59%. Усяго гаспадарцы даведзены план у 590 га, з якіх 360 га — ячмень, астатняе — зернебабовыя. На панядзелак з ячменем справіліся на 96 %. Пачын зроблены.

Выконваючы абавязкі галоўнага агранома ААТ «Агра-Калядзічы» Дзяніс Кулеша на палетку каля вёскі Дабучын.

Карэспандэнты «раёнкі» наведаліся ў сельгаставарыства і пацікавіліся, якая работа папярэднічала ранняй вясенняй сяўбе. Як расказаў выконваючы абавязкі галоўнага агранома Дзяніс Кулеша, немалаважным фактарам з’яўляецца ўнясенне ўгнаенняў па патрэбнасці, гаспадарка тут спрацавала на 100%. Не забываюць і пра культывацыю глебы. Гэта аперацыя дазваляе значна павысіць ураджайнасць культур. Пасля дадзенай работы абавязкова праводзіцца збор камянёў, каб палеткі былі чыстымі і прыдатнымі для далейшай апрацоўкі. Паколькі пагодныя ўмовы сёння не вельмі ўстойлівыя, зямля пераўвільготненая, а магчыма і пахаладанне, выручае пратручванне насеннага матэрыялу, каб зерне ў глебе не плеснела. Па словах Дзяніса Антонавіча, у гаспадарцы для гэтага прыдбалі новы пратручвальнік, апрацавалі 102 тоны (план — 120 тон).

Канечне ж, вялікую ролю іграе і якасць насеннага матэрыялу. У ААТ «Агра-Калядзічы» для ранняй сяўбы выкарыстоўваюць першыя гатункі і эліту, для абнаўлення закупляецца і суперэліта.

З такіх людзей, як Віктар Чэрнік і Сяргей Мязга, можна браць прыклад, яны не па чутках ведаюць цану працы на зямлі.

І куды ў такой справе без сумленных і адказных працаўнікоў і добрай тэхнікі?! На палетку каля вёскі Дабучын шчыравалі трактарысты-машыністы Віктар Чэрнік і Сяргей Мязга.

— Вопытныя і працавітыя механізатары, якія ведаюць сваю справу і працуюць з поўнай аддачай, — так ахарактарызаваў іх Дзяніс Кулеша. — Ужо прыцемак можа наступіць, а яны і не думаюць спыняць работу.

А яшчэ калі такім бравым хлопцам у падмогу энерганасычаныя трактары і навейшыя сеялкі, то работа выконваецца ўдвая хутчэй! Узяць для прыкладу пасяўны агрэгат «Амазон», які гарантуе дакладнасць і аднароднасць глыбіні закладання насення. Сеялка аснашчана бартавым камп’ютарам, праграма якога дазваляе адключаць падачу насення на ўчастках, якія ўжо засеяны. За дзень удаецца правесці сяўбу на 80 га. Цікавы момант: на 1 га зрасходуецца 3,7-4,2 мільёна ўсходжага насення, у залежнасці ад асаблівасцей гатунку. Усе ўдзельнікі пасяўной кампаніі забяспечаны двухразовым харчаваннем, якое дастаўляецца прама на палеткі, каб не перапыняць надоўга работу.

Ваду возіць вадавоз, а вадзіцель Андрэй Бралко — насенны матэрыял.

У той жа час у ААТ «Агра-Калядзічы» не забываюць і пра азімыя культуры. Яны падкормлены на 100%, азімы рапс — двойчы. У сувязі з надвор’ем было прынята рашэнне дозу дзвюх падкормак раздзяліць на тры для лепшага засваення азоту.

Работа на зямлі не любіць гучных слоў, тут трэба проста працаваць, адчуваючы еднасць з ёй. Толькі тады можна разлічваць на вынік. Чаго і жадаем нашым аграрыям.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік