Летні перыяд для дзяцей — не толькі радасць канікулаў, магчымасць паўнацэнна адпачываць, але і высокія рызыкі. Звязана гэта з мноствам фактараў. Улетку дзеці шмат часу бавяць на вуліцы, ходзяць на рэчку, гуляюць у лесе — усё гэта ў комплексе з высокай сонечнай актыўнасцю, зніжэннем увагі і кантролю з боку дарослых можа несці розныя пагрозы.
За жыццё і здароўе дзяцей адказваюць, у першую чаргу, бацькі. Нават калі вы адпраўляеце дзіця адпачываць у лагер або да бабулі, то павінны забяспечыць яго сродкамі абароны, абгаварыць з ім тэхніку бяспекі, паклапаціцца пра рэгулярную сувязь і пракансультаваць тых, хто будзе наглядаць за ім.
На лета прыпадае пік няшчасных выпадкаў на вадзе
Яшчэ раз акцэнтуем увагу на самым галоўным, пра што нельга забываць бацькам: дзеці да 14 гадоў не павінны знаходзіцца ля вады без нагляду. Гэта правіла, якога ўсе дарослыя абавязаны няўхільна прытрымлівацца.
Толькі за чэрвень у Беларусі патанула дзевяць дзяцей!
25 чэрвеня, увечары, у штучным вадаёме, не прызначаным для купання, у в. Магдалін Кобрынскага раёна, патануў дзевяцігадовы хлопчык.
Па папярэдняй інфармацыі, яшчэ днём ён прапанаваў сябрам выкупацца, яны адмовіліся, і малы паехаў адзін, пры гэтым плаваць не ўмеў. Праз пару гадзін яго веласіпед і рэчы знайшлі на беразе вадаёма. Цела хлопчыка з вады дасталі вадалазы.

Пружанскі РАНС нагадвае, што для таго, каб пазбегнуць трагедыі на вадаёмах, трэба выконваць наступныя правілы бяспекі:
- купайцеся толькі ў спецыяльна адведзеных месцах;
- плавайце ўздоўж берага ці ў накірунку да яго;
- не заплывайце за буйкі;
- не нырайце ў незнаёмых месцах;
- не скачыце з лодак, пірсаў, катэраў і прычалаў;
- не плавайце на матрацах, камерах, іншых падручных сродках;
- не пакідайце дзяцей без нагляду;
- памятайце, што алкаголь і адпачынак на вадзе не сумяшчальныя.
У выпадку няшчаснага здарэння адразу тэлефануйце ў службу выратавання па нумарах 101 ці 112. Навучыце дзяцей тэлефонам асноўных служб!
«Закон дарогі» памылак не даруе
Траўмаванне і гібель дзяцей з’яўляецца адной з актуальных праблем ва ўсім свеце, бо небяспека чакае малых на кожным кроку. Адна з асноўных прычын дзіцячага траўматызму летам — дарожна-транспартныя здарэнні.
Як часта дарослыя задаюцца пытаннем: чаму дзеці трапляюць у аварыі? Здавалася б, адказ просты: калі дзіця па ўласнай неасцярожнасці атрымала траўму ў дарожна-транспартным здарэнні, напрыклад, выбегла пад колы аўтамабіля, то гэта — віна дзіцяці. Але такога паняцця як «віна дзіцяці ў ДТЗ» не існуе. Бацькі павінны разумець, што калі дзіця парушыла правілы дарожнага руху і стала ўдзельнікам аварыі, гэта азначае толькі адно: дарослыя недзе не даглядзелі, не навучылі, не расказалі, ці асабістым прыкладам паказалі, што часам можна парушаць «закон дарогі».
З пачатку бягучага года ў нашай краіне ў ДТЗ пацярпелі 129 дзяцей, з іх пяцёра загінулі.
У Брэсцкай вобласці з пачатку года зарэгістравана 18 ДТЗ з удзелам дзяцей. У дарожна-транспартных здарэннях розныя траўмы атрымалі 19 непаўналетніх.
На канікулах асаблівую ўвагу хацелася б засяродзіць на ўдзеле ў дарожным руху дзяцей, якія катаюцца на веласіпедах і сродках персанальнай мабільнасці. Бацькам варта кантраляваць месцазнахо-джанне сваіх дзяцей, асабліва падлеткаў, выкананне імі ПДР. Дзецям да 14 гадоў выязджаць на дарогі агульнага карыстання на веласіпедах катэгарычна забаронена. На сродках персанальнай мабільнасці катацца можна таксама толькі з гэтага ўзросту, выключэнне складаюць пешаходныя і жылыя зоны.
Асноўнымі прычынамі ДТЗ з удзелам непаўналетніх па-ранейшаму застаюцца парушэнні вадзіцелямі правілаў праезду пешаходных пераходаў, скрыжаванняў, дваровых тэрыторый і правілаў перавозкі дзяцей-пасажыраў. Дзеці часта пакутуюць ад неразумення небяспекі, з-за захопленасці гульнёй ці спешкі могуць своечасова не заўважыць аўтамабіль і выбегчы на праезную частку. Задача дарослых — папярэдзіць трагедыю, кожны дзень нагадваць і тлумачыць правілы паводзін на вуліцы, у двары і на дарозе. А галоўнае — не пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду:
У Брэсце 16 чэрвеня была траўмавана дзяўчынка-пешаход. 20-гадовая брастаўчанка кіравала аўтамабілем «Skoda» і рухалася са стаянкі ад гандлёвага цэнтра «Карона» на вул. Маскоўскую. Пры выездзе на праезную частку ажыццявіла наезд на шасцігадовую дзяўчынку, якая перасякала дарогу па нерэгулюемым пешаходным пераходзе. У выніку здарэння дзіця было шпіталізавана. На сённяшні дзень яе жыццю і здароўю нічога не пагражае, але факт мае месца.
Пружанскі РАУС нагадвае: навучыце дзяцей назіральнасці на вуліцы.
- Знаходзячыся на вуліцы з дзіцём, моцна трымайце яго за руку.
- Калі побач з пад’ездам стаяць транспартныя сродкі або растуць дрэвы, кусты, спыніцеся, навучыце дзіця аглядацца па баках і вызначаць: ці няма небяспекі ад транспарту. Калі побач з пад’ездам рухаюцца транспартныя сродкі, звярніце на гэта ўвагу дзіцяці, разам з ім паглядзіце: ці не набліжаецца аўто.
- Пры руху па тратуары прытрымлівайцеся боку, далейшага ад праезнай часткі. Дарослы, які ідзе з дзіцём, павінен знаходзіцца з боку дарогі.
- Прывучыце дзіця ідучы па тратуары ўважліва назіраць за выездам аўтамабіляў з двароў і паваротамі транспарту на скрыжаваннях.
- Пры пераходзе праезнай часткі дарогі спыніцеся і агледзьцеся па баках. Паказвайце дзіцяці наступныя дзеянні па аглядзе дарогі: паварот галавы налева, направа, яшчэ раз налева.
- Вучыце дзіця ўглядацца ўдалячынь, прапускаць транспарт, які набліжаецца.
- Назіраючы за рухам транспартных сродкаў, звяртайце ўвагу дзіцяці на тое, што за вялікімі машынамі (аўтобус, грузавік) можа быць небяспека — легкавы аўтамабіль або матацыкл, які рухаецца на вя-лікай хуткасці. Таму лепш пачакаць, калі вялікая машына праедзе, і пераканацца ў адсутнасці ўтоенай небяспекі.
- Не выходзьце з дзіцём на праезную частку з-за якіх-небудзь перашкод: аўтамабіляў, кустоў, якія закрываюць агляд праезнай часткі.
- Пераходзьце дарогу не наўскасяк, а прама, строга перпендыкулярна. Дзіця павінна разумець, што гэта робіцца для лепшага назірання за рухам транспарту.
- Тлумачце дзіцяці пра сігналы святлафора, што пераходзіць праезную частку на зялёны мільгаючы сігнал нельга. Ён гарыць усяго тры секунды, за гэты час можна не паспець да канца перайсці дарогу і патрапіць у ДТЗ.
- Памятайце, што дзіця навучаецца руху па вуліцы, перш за ўсё, на вашым прыкладзе, набываючы ўласны вопыт!
- Нагадвайце дзецям пра правілы дарожнага руху кожны дзень!
Пажар — не толькі з-за гульні з агнём
У 2024 годзе ў Беларусі зафіксавана 2463 пажары, на якіх загінула 270 чалавек, сярод іх — шасцёра дзяцей.
За першае паўгоддзе ў Брэсцкай вобласці ад знешніх прычын загінула 11 непаўналетніх: чацвёра — пры пажарах, трое — патанулі, яшчэ чацвёра — у выніку суіцыду.
Згодна з матэрыяламі Пружанскага РАНС, на тэрыторыі раёна за гэты час адбыліся два пажары ў домаўладаннях, дзе знаходзіліся дзеці. Таксама, як паведамілі ў камісіі па справах непаўналетніх, двое малых выпалі з вокнаў і адбылася адна спроба суіцыду. На шчасце, усе непаўналетнія жывыя, але дарослым ёсць пра што сур’ёзна падумаць.
Самы рэзанансны выпадак адбыўся ў красавіку ў Бярозаўскім раёне, дзе пры пажары загінулі адразу чацвёра дзяцей ва ўзросце ад двух месяцаў да шасці гадоў. З агню выратаваліся толькі 37-гадовая жанчына (маці загінулых дзяцей) і яе чатырохгадовая дачка. Асноўнай прычынай трагедыі стала няспраўнасць газавага ацяпляльнага абсталявання.
Каб падобнае не паўтарылася, мы заклікаем усіх дарослых сачыць за бяспекай жылля, своечасова праводзіць тэхнічныя агляды, рамонт электрычнага абсталявання і грунтоўна кантраляваць, дзе знаходзяцца вашы дзеці.
МНС нагадвае: для таго каб папярэдзіць вогненныя здарэнні і не стаць іх ахвярамі, выконвайце правілы пажарнай бяспекі.
Не курыце ў ложку, не выкідвайце непатушаныя запалкі і цыгарэты, сачыце за спраўнасцю электраправодкі, выконвайце правілы эксплуатацыі газавага абсталявання і пячнога ацяплення.
Надавайце пільную ўвагу бяспецы дзяцей, з ранняга ўзросту навучыце іх дзеянням пры пажары. Усталюйце ў домаўладаннях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, здольныя на ранняй стадыі папярэдзіць бяду.
Маленькім дзецям з ранняга ўзросту важна тлумачыць, чаму нельга чапаць правады, разеткі, электрапрыборы, набліжацца да запаленай пліты ці гуляць з агнём. Няведанне элементарных правілаў прыводзіць да сумных наступстваў.
Майце на ўвазе: дзяцей да 14 гадоў нельга пакідаць дома адных!
Але і падлеткі старэйшага ўзросту, застаючыся дома адны, павінны разумець узровень адказнасці, ускладзены на іх.
У задачы бацькоў увахо-дзяць наступныя дзеянні:
- навучыць правільна карыстацца электрапрыборамі,
- расказаць дзецям пра небяспеку гульняў з агнём,
- правесці інструктаж першых дзеянняў у выпадку ўзгарання,
- растлумачыць, як паводзіць сябе падчас пажару, а таксама пераканацца, што дзіця ведае нумары тэлефонаў выратавальнай службы і свой хатні адрас (гэта дапаможа ў экстранай сітуацыі зэканоміць час на выклік пажарнай брыгады).
А як паводзіць сябе пры пажары дзецям, калі побач няма дарослых?
Дзеці павінны ведаць прыкметы, якія паказваюць пачатак пажару. Адчуўшы пах дыму, нельга яго ігнараваць. Трэба абыйсці жыллё і знайсці магчымую крыніцу ўзгарання. Калі ў кватэры нічога не гарыць, магчыма, што пах ідзе з вуліцы ці ад суседзяў. Рэкамендуецца паглядзець у акно і на лесвічную пляцоўку.
Малыя павінны ведаць суседзяў, каб у небяспечны момант звярнуцца да іх па дапамогу. Калі крыніца агню зной-дзена дома, можна прыступаць да тушэння толькі ў тым выпадку, калі ўзгаранне невя-лікае. Для гэтага выкарыстоў-ваць ваду, шчыльную коўдру, ці соду, словам, тое, што ёсць пад рукой.
Важна: тушыць вадой электрапрыборы нельга!
Вядома, немагчыма прадугледзець усё і цалкам засцерагчы дзіця. Але прагаварыць магчымыя небяспечныя сітуацыі, растлумачыць, чаму яны могуць адбыцца — абавязак бацькоў!
Дзіця капіруе паводзіны блізкіх, таму будзьце для яго добрым прыкладам. Забараніць дзіцяці спазнаваць свет немагчыма. Задача бацькоў —падстрахаваць, навучыць папярэджваць магчымую трагедыю, быць побач і нават на крок наперадзе.
Шчаслівага і бяспечнага лета вам і вашым дзецям!
Падрыхтавала Ірына Велясевіч
