Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка ў мінулую суботу стала месцам правядзення раённага этапу Афанасьеўскага турніру сярод праваслаўнай моладзі. Менавіта тут па добрай традыцыі штогод збіраюцца выхаванцы нядзельных школ раёна, каб праверыць свае веды па асновах праваслаўя і выявіць лепшых.
![](https://www.budni.by/wp-content/uploads/2024/10/IMG_8585.jpg)
Сёлетні Афанасьеўскі турнір — ужо восьмы ў Брэсцкай епархіі. Чацвёрты год запар далучаецца да ўдзелу ў ім Пружанскае благачынне. Напачатку вядучыя нагадалі пра тое, што сёлета спаўняецца 40 гадоў з дня ўстанаўлення Сабору Беларускіх святых. Менавіта таму ў рамках інтэлектуальных баталій, якія складаліся з 75 пытанняў, — трох этапаў і супергульні, — успомнілі святых зямлі беларускай, іх жыццёвы і асветніцкі шлях.
За перамогу ў турніры змагалася пяць каманд — юнакі і дзяўчаты ад 11 да 15 гадоў. Каманда «Каўчэг» прадстаўляла пружанскую Спаса-Праабражэнскую царкву. Гонар нядзельнай школы Свята-Мікалаеўскага храма райцэнтра абараняла каманда «Пакроў». А вось Свята-Аляксандра-Неўскі сабор выставіў для ўдзелу ў турніры каманду «Сабаране».
![](https://www.budni.by/wp-content/uploads/2024/10/IMG_8552.jpg)
Ружанскую Петрапаўлаўскую царкву прадставіла каманда з кароткай і ёмкай назвай — «Ружаны». Прыехала на турнір і каманда «Дабравест» з аранчыцкай Крыжаўзвіжанскай царквы.
Ацэньвала веды хлопцаў і дзяўчат кампетэнтнае журы, якое ўзначаліў благачынны цэркваў Пружанскай акругі, настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскага сабора Міхаіл Носка. У складзе журы былі таксама віцэ-консул Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Сафія Пякшава, настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма ў г. Пружаны, протаіерэй Вячаслаў Левы і прадстаўнік епархіяльнай камісіі па правядзенні Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру, клірык Свята-Троіцкага храма г. Брэста, іерэй Дзмітрый Амяльянец.
![](https://www.budni.by/wp-content/uploads/2024/10/IMG_8577.jpg)
Пасля трох тураў у супергульню выйшлі «Сабаране» і «Каўчэг». І менавіта першыя здолелі сабрацца і вырваць перамогу. Дарэчы, ужо не ў першы раз. Нагадаем, што менавіта «Сабаране» летась прадстаўлялі Пружанскае благачынне на абласным этапе Афанасьеўскага турніру. Разам з сёлетняй перамогай яны зноў атрымалі такое права. Як паведаміла загадчыца Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Гуторкіна, чакаецца, што турнір адбудзецца ў Брэсце ўжо напрыканцы гэтага месяца.
Незалежна ад выніку ўдзельнікі раённай інтэлектуальнай праваслаўнай гульні атрымалі падарункі ад Пружанскага благачыння, раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Брэсце.
Мы ж жадаем поспехаў «Сабаранам» і чакаем добрых і пераможных навін ад іх.
Уладзіслаў Шпарла
Фота Кацярыны Масік
Глядзець многа фота: https://vk.com/album-23306785_304545416 і https://ok.ru/budni/album/984266056584