Сёння, каб знайсці адказ на пытанне, якое нас цікавіць, мы адразу звяртаемся ў пошукавую сістэму Google. Але далёка не заўсёды інтэрнэт-крыніц нам дастаткова. Канкрэтныя адказы на пытанні мы ўсё роўна шукаем у рэальных людзей.

Кожны трэці чацвер месяца ў арганізацыях і на прадпрыемствах праводзіцца адзіны дзень інфармавання, дзе кожны работнік мае магчымасць атрымаць поўную і праўдзівую інфармацыю аб дзейнасці органаў мясцовай улады, палітычным, эканамічным, культурным жыцці рэгіёна, а таксама аб планах і перспектывах развіцця на бліжэйшы час. На мінулым тыдні такая сустрэча адбылася ў Пружанскім раёне газазабеспячэння ВУ «Кобрынгаз». На сустрэчу з калектывам прыйшлі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіч, дырэктар ПУ «Кобрынгаз» Дзмітрый Манцэвіч і галоўны інжынер Пружанскага райгазу Вадзім Прыпутневіч.
З дакладам на тэму «Моцны лідар — гарант стабільнасці і бяспекі дзяржавы: да 30-годдзя інстытута Прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь» выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік.
2020-ы год выразна паказаў праблемы грамадства. Раскол поглядаў і меркаванняў адбыўся менавіта тады, калі больш за ўсё патрэбны былі згуртаванасць і вытрымка. І калі б у той момант уздрыгнула рука нашага Прэзідэнта ці ён даў слабіну, як гэта некалі зрабіў так званы «лідар» краіны-суседкі, то зараз мы б жылі пры іншай уладзе, поўзалі на каленях перад заходнімі гаспадарамі.

Людзі, народжаныя ў СССР, добра памятаюць 1990-я. Гэта быў перыяд галечы, бяспраўя і ўсёдазволенасці, і ніхто і ўявіць не мог, што праз некалькі гадоў, з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, мы адчуем тую самую розніцу, пра якую цяпер кажуць — «да» і «пасля». Гэта і пацвярджае дакументальны фільм тэлеканала АНТ «Адзін за ўсіх»: пра тое, як краіна на стыку эпох зрабіла свой выбар, як у часы перамен вызначыла свой шлях і як малады амбіцыйны палітык не спалохаўся адказнасці і зрабіў усё для таго, каб Беларусь квітнела і развівалася. А вынік яго працы мы бачым зараз, і нам ёсць з чым параўнаць, што ўспомніць, а галоўнае — берагчы і шанаваць тое, што маем зараз.
Сустрэча працягнулася ў фармаце адкрытага дыялогу. Калектыў райгазу цікавілі надзённыя пытанні, якія тычацца рамонту дарог раённага значэння, будаўніцтва ў дварах дзіцячых пляцовак, добраўпарадкавання тэрыторый вакол вадаёмаў і інш. Міхаіл Грышкевіч адказаў на ўсе хвалюючыя пытанні, расказаў пра шляхі іх вырашэння і тэрміны выканання, а таксама падзяліўся планамі на перспектыву і падрабязна расказаў аб тым, што было зроблена ў горадзе і раёне за першае паўгоддзе бягучага года.
Дзмітрый Манцэвіч расказаў аб развіцці газавай галіны ў цэлым і на тэрыторыі першага рэгіёна:
— Хочацца адзначыць, што, пачынаючы з 2024 года, Прэзідэнт ініцыяваў паскораную газіфікацыю ўсёй краіны. Палітыка Кіраўніка дзяржавы ў гэтай галіне была накіравана не толькі на развіццё сеткі магістральных і размеркавальных газаправодаў, але і адначасова распрацоўваліся праграмы газіфікацыі канкрэтных гарадоў, пасёлкаў і вёсак, устанаўліваліся крыніцы фінансавання. Гэта дало магчымасць тысячам беларускіх сем’яў значна павысіць якасць жыцця, а таксама стварыць умовы для развіцця малых рэгіёнаў, — падкрэсліў Дзмітрый Мікалаевіч.

Інфармаваны — значыць, узброены! Падобныя сустрэчы аказваюць станоўчы ўплыў на светапогляд нашых грамадзян, раскрываюць поўную карціну палітычных, эканамічных, культурных падзей у краіне і рэгіёне. Як гаворыцца, усё спазнаецца ў параўнанні, і ў кожнага канкрэтнага чалавека яно сваё, і пэўныя высновы мы таксама робім самі. І ў якой краіне мы будзем жыць далей, напрамую залежыць ад кожнага з нас.
На першы погляд здаецца, што гэта простыя і зразумелыя ісціны, але 2020-ы год паказаў іншае. Тут ёсць пра што падумаць…
Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік
