
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук 13 снежня сустрэлася з калектывам Пружанскага аўтапарка № 11.
Сустрэча праводзілася ў рамках інфармавання аб будучай электаральнай кампаніі. Таццяна Гаманчук прадставіла да ўвагі супрацоўнікаў аўтатранспартнага прадпрыемства своеасаблівы даведнік па адзіным дні галасавання, які прызначаны на 25 лютага 2024 года.
Свой аповед Таццяна Юр’еўна суправаджала медыйным паказам. Паведаміла аб прававых асновах правядзення і прызначэння выбараў, аб сістэме выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў, растлумачыла, хто можа быць абраным, хто — выбаршчыкам. Таксама паведаміла аб сістэме стварэння выбарчых камісій, правядзенні іх пасяджэнняў, аб парадку і тэрмінах разгляду зваротаў. Акрамя гэтага, расказала аб патрабаваннях да асобы, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў альбо ў дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, наогул аб сістэме вылучэння кандыдатаў у дэпутаты і іншым.
Асаблівую ўвагу Таццяна Гаманчук звярнула на дні датэрміновага галасавання, бо змяніўся час пачатку і завяршэння галасавання. Асобна расказала аб выбарах членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і дэлегатаў на Усебеларускі народны сход.
Не магла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў абысці тэму новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, змяненні ў які ўступаюць у законную сілу з 1 студзеня 2024 года.
Віктар Ільюшчанка
