У мінулы чацвер у Пружанах прайшоў ужо традыцыйны Адзіны дзень бяспекі. Ён праводзіцца па ініцыятыве Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь пяты год, але спачатку не выходзіў за межы прафілактычных выступленняў і тлумачальных лекцый. Другі год запар мерапрыемствы набылі маштабнасць, праходзілі на гарадской плошчы. Сёлета ў дадатак яшчэ праводзіліся праверкі сістэмы экстраннага апавяшчэння насельніцтва (электрасірэны) і вучэбныя эвакуацыі з жылых і адміністрацыйных будынкаў.
Хаця справа не ў маштабнасці. Галоўнае — дасягненне пастаўленых мэт, сярод якіх асноўная — навучыць людзей дзейнічаць у крытычных сітуацыях. Чалавечае мысленне ўстроена такім чынам, што ўсё невядомае і незвычайнае выклікае пачуццё трывогі, прымушаючы ўспрымаць нязвыклыя змены як небяспеку. І мы пачынаем панікаваць.
Паніка — гэта моцнае пачуццё страху, калі пад уплывам рэальнай або прыдуманай небяспекі чалавек перастае разумець, што трэба рабіць у складанай сітуацыі, і страчвае кантроль за ўласнымі паводзінамі.

Менавіта з-за панічнага стану нават нязначныя здарэнні могуць набыць самыя трагічныя наступствы. Пра гэта могуць расказаць пажарныя, якім даводзілася ў задымленым доме выцягваць людзей, што хаваліся пад ложкам або ў шафе. Гэта ведаюць інспектары энерганагляду: зарэгістраваны выпадкі электратраўматызму, калі чалавек у паніцы хапаўся за аголеныя падключаныя правады. І матросы-дзяжурныя на выратавальных пастах: яны выцягвалі з вады людзей, якія з-за страчанага кантролю маглі пацягнуць на дно і самога выратавальніка.
Сітуацый, у якіх патрэбна дзейнічаць разважліва, нямала. Але для гэтага трэба «трымаць галаву халоднай», што вельмі складана ў крытычнай абстаноўцы. Таму і неабходна даводзіць прыёмы, якія дапамогуць выратавацца, да аўтаматызму. Каб рукі-ногі самі дзейнічалі, не чакаючы «загаду» ад галавы. Гэта і закліканы зрабіць Адзіны дзень бяспекі з практычнымі адпрацоўкамі.
У прыватнасці, многія з нас ведаюць, што азначае гук трывожнай сірэны. Але што трэба рабіць, калі яе пачулі? Некуды бегчы? Збіраць дакументы? Тэлефанаваць сваякам? Усё гэта няправільна! Неабходна ўключыць тэлевізар або радыёпрыёмнік і паслухаць экстранныя паведамленні. З якіх і стане вядомы наступны алгарытм дзеянняў.
Або як паводзіць сябе пры правядзенні эвакуацыі, калі яна абвешчана ў адміністрацыйным або жылым будынку?

Некаторыя скажуць, што такія веды нам не патрэбны. Краіна мірная, землетрасенняў або цунамі не бывае. Аднак на 100% ад катастроф прыроднага або тэхнагеннага характару не застрахаваны ніхто. Пажар, выбух газавага балона-катла, ураганы — гэта здараецца і ў нас. Варта ўспомніць трагедыю на Нямізе ў Мінску ў 1999 годзе, калі з-за звычайнай навальніцы ўзнікла паніка, у выніку якой загінулі людзі. Нават раптоўнае адключэнне электраэнергіі, асабліва ў цёмны час сутак, можа прымусіць панікаваць. І калі абвешчана эвакуацыя, трэба выконваць строгі алгарытм дзеянняў — каб не пацярпець самому і не перашкодзіць іншым.
Такім паводзінам і навучаюць практычныя заняткі, якія ў мінулы чацвер правялі работнікі МНС. У іх былі задзейнічаны калектывы «Камунальніка» і Пружанскіх электрасетак, якія выканалі прадугледжаныя меры ў поўным аб’ёме. Безумоўна, вучэбная эвакуацыя праходзіла ў спакойнай абстаноўцы, але ж пэўныя дзеянні абавязкова застануцца ў памяці.

Вельмі карысна ў тым жа плане прайшло мерапрыемства і на гарадской плошчы. Сёлета яно папоўнілася ўдзельнікамі і інтэрактыўных пляцовак стала шэсць.

Глядацкай аўдыторыяй на гэты раз сталі дзеці і падлеткі — школьнікі і навучэнцы каледжа. Свае магчымасці ім дэманстравалі работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, энергагазінспекцыі, раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах, газавай службы, хуткай медыцынскай дапамогі і Дзяржаўтаінспекцыі. Прадстаўнікі падраздзяленняў расказалі пра асаблівасці арганізацыі кожнай службы, пра аснашчэнне і правілы выратавання.

Нельга сказаць, што яны сапраўдныя чараўнікі і ім па сілах рабіць цуды. У многіх сітуацыях дапамагае сучаснае аснашчэнне, якое рэгулярна паступае ў гэтыя службы. У чым гледачы і пераканаліся ўвачавідкі. Пры гэтым не проста паглядзелі, а нават «памацалі рукамі», выкарыстоўваючы прыборы і розныя дапаможныя ўстройствы на практыцы.

І такое мерапрыемства таксама патрэбна ў рамках Адзінага дня бяспекі. Насельніцтву неабходна верыць у магчымасці падраздзяленняў экстраннага рэагавання, ведаць, што яны абавязкова дапамогуць.

А значыць, варта прыслухоўвацца да іх папярэджанняў.

Навучаць гэтаму неабходна з малога ўзросту, каб зноў жа такія рэакцыі ў крытычных сітуацыях адбываліся аўтаматычна. І такія веды не стануць лішнім багажом, а абавязкова дапамогуць уратавацца падчас бяды.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік і з адкрытых крыніц
Фотаальбомы з мерапрыемства тут: https://vk.com/album-23306785_296896564 і https://ok.ru/budni/album/968267401864