Суббота, 24 мая 2025

Адзіны ўрок «Ала — сястра Хатыні» прайшоў ва ўсіх школах раёна і ў пружанскай СШ № 4

398

Адзіны ўрок «Ала — сястра Хатыні», прысвечаны 80-годдзю трагедыі вёскі Ала, прайшоў ва ўсіх школах нашай рэспублікі. Далучыліся да яго і вучні 4 «Б» класа пружанскай сярэдняй школы № 4.

У нашай краіне няма чалавека, які б не ведаў пра Вялікую Айчынную вайну. Беларускі народ страціў кожнага трэцяга суайчынніка. У гісторыі, бадай, не было больш жахлівых злачынстваў, чым тыя, якія ўчынілі гітлераўцы. 14 студзеня споўнілася 80 гадоў з таго дня, як у вёсцы Ала Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці загінулі 1758 чалавек, з іх — 950 дзеці.

Класны кіраўнік 4 «Б» класа Вольга Сахарэвіч так падрыхтавала праграму ўрока, каб ён запомніўся кожнаму з прысутных, каб дзеці сэрцам адчулі трагедыю спаленай вёскі.

Урок пачаўся з чытання вучнямі вершаў. Затым былі прыведзены факты, звязаныя з нашай краінай у гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля чаго дзеці адказалі на пытанні, зададзеныя Вольгай Юр’еўнай. Таксама вучням былі прапанаваны такія заданні, як «Словы-асацыяцыі» і «Званы Алы», у якіх патрабавалася вызначыць словы, якія адносіліся да вайны, а якія — да міру. Школьнікі вучыліся разважаць і працаваць у групах.

Скончыўся ўрок праглядам відэароліка пра страшныя падзеі 80-гадовай даўніны і мінутай маўчання ў памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за наша «мірнае неба».

Марына Каляда:

— Урок быў вельмі цікавым. Даведалася шмат новага. Больш за ўсё запомнілася і ўразіла тое, што ў вёсцы Ала фашысты забілі жыхароў дванаццаці вёсак.

Вікторыя Гардзейка:

— Урок мне спадабаўся. Мне запомнілася, што вёска Ала была далёка ад дарогі і бліжэй да балота. Па гэтай прычыне тут хаваліся жыхары іншых вёсак.

Кацярына Токар:

— Урок быў цікавым. Я атрымала новыя веды. Мне запомнілася дата, калі вёску Ала акружылі немцы — гэта 14 студзеня 1944 года. Варта яе памятаць.

Руслан Басак.

Фота аўтара