Фігурысты краіны адкрылі сезон 2023/2024 і, што прыемна, зрабілі гэта ў Пружанах. У нашым Лядовым палацы ў мінулыя выхадныя было на каго і на што паглядзець. У рамках першага этапу адкрытага Кубка Беларускага саюза канькабежцаў усе жадаючыя маглі атрымаць асалоду ад выступленняў тых спартсменаў, якія змагаюцца ў катэгорыі кандыдатаў у майстры спорту.
Колькі б ні наведваў турніры па фігурным катанні, заўсёды адкрываю нешта новае і для сябе. Будзь гэта складаны элемент ад адзіночніка, музычная кампазіцыя, выкананне пракату пад кампазіцыю, якая становіцца прыемнай нечаканасцю, або прыемныя сустрэчы.

У мінулым сезоне ўпершыню я і многія пружанцы, якія цікавяцца фігурным катаннем, змаглі ўжывую пабачыць выкананне танцаў на лёдзе і спартыўных танцаў. У суботу і нядзелю пары са сталіцы, якія прывезлі свае праграмы, таксама выступалі ў Пружанах. А вось сінхроннага катання дагэтуль наш Лядовы палац яшчэ не бачыў.

Дванаццаць грацый (а па-іншаму назваць іх проста не магу) стварылі на лёдзе сапраўдную магію. Іх пачуццё такту, розныя фігуры, падтрымкі і элементы заварожвалі. Асабліва велічным здавалася выступленне, калі глядзеў нумар з вышыні, з трыбун.
Уражаны, падышоў да аднаго з трэнераў каманды — Галіны Аляксандравай. Яна адзначыла, што ў Пружанах заўсёды праводзяцца цудоўныя спаборніцтвы. Сюды ім ужо на працягу многіх гадоў даводзілася прыязджаць з адзіночнікамі, а з «Камеліяй» — менавіта так называецца зборная фігурыстак-сінхронніц з мінскага гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву — упершыню.

— Каманда была створана толькі год таму. Вырашылі, што трэба развіваць сінхроннае катанне ў Беларусі, кінулі кліч, дзяўчаты сабраліся. Пачыналі з васьмі чалавек. Цяпер у нас у камандзе 20. Раней гэтыя фігурысткі былі адзіночніцамі. Мы ў Беларусі не адзіныя, ёсць яшчэ ў Гомелі каманда «Глорыя», у іх больш вопыту. Канечне, малавата канкурэнцыі, але, спадзяёмся, з цягам часу ў кожным рэгіёне, а можа, і ў маленькіх гарадах, з’явяцца такія каманды, — расказала Галіна Юр’еўна.

Планы ў сінхронніц немалыя. Многае, канечне, сёння залежыць ад таго, на якія міжнародныя старты дапусцяць спартсменаў. Гэта датычыцца і танцавальных пар, якіх на першым этапе кубка «БСК» было чатыры, усе са сталіцы. У першы дзень яны прадстаўлялі рытмічны танец, у другі — адвольны. Лідзіравалі тут па выніках турніру пара Вікторыі Пласконнай і Уладзіслава Сыціка.

Выступіла на пружанскім лёдзе з кароткай і адвольнай праграмай і адна спартыўная пара з Мінска — Ангеліна Бурая і Уладзіслаў Сапрыкін.

І, нарэшце, пра нашых. Пружаны на спаборніцтвах прадстаўлялі дзве спартсменкі, якія трэніруюцца ў секцыі фігурнага катання ДЮСШ № 2. Гэта Ганна Калінка і Уладзіслава Чахоўская. Апошняя, дарэчы, у першы дзень турніру адзначала дзень нараджэння. Па выніках спаборніцтваў Улада — на пятым радку пасля кароткай і адвольнай праграм.

Крыху лепш выступіла Аня: у першы дзень яна была чацвёртай, па выніках адвольнай праграмы заняла трэцяе месца. І усяго 0,6 (!) бала аддзялілі спартсменку ад запаветнага п’едэстала — чацвёртае месца па выніках першага этапу кубка. Перамагла тут Валерыя Яжова з Мінска.
Сярод хлопцаў-адзіночнікаў тых, хто раней трэніраваўся ў Пружанах, на гэты раз не было. Першым сярод юніёраў стаў Георгій Казлоўскі са сталіцы, які лідзіраваў на працягу двух дзён.

А нашы фігурысты і іх трэнеры ўпэўнены: сезон толькі на старце, таму ўзнагароды яшчэ абавязкова будуць. Як на выязных спаборніцтвах, так і на дамашніх. Таму дзяўчаты (а іншых мы абавязкова ўбачым на турнірах на працягу сезона) працягваюць работу пад кіраўніцтвам трэнераў Вольгі Уважанай і Таццяны Хадаровіч. Нагадаем, што працягваецца і набор у групу фігурнага катання, звяртайцеся па нумары 3-59-12.
Жадаем фігурыстам поспехаў і чакаем новых турніраў на нашым лёдзе. Наступны, згодна з папярэднім планам, пройдзе ў Пружанах у кастрычніку.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
Многа фотаздымкаў з першага дня спаборніцтваў: https://vk.com/album-23306785_295550821 і https://ok.ru/budni/album/966262659720