Вторник, 22 апреля 2025

Адзіная жыхарка вёскі Бабінец — Анастасія Міхайлаўна Пакала

708

Ціхі, утульны куток прыроды, дзе цішыню парушае толькі маленькая гаспадарка Анастасіі Міхайлаўны Пакала. Кудлаты сабака Барсік адразу пачынае актыўнічаць пры з‘яўленні незнаёмцаў і відавочна паказваць, хто ў хаце гаспадар.

Вёска Бабінец знаходзіцца за тры кіламетры ад Роўбіцка, знакамітага ўнікальнай калоніяй белага бусла. Даехаць да вёскі ад аграгарадка на звычайнай машыне проста немагчыма. Нават джып з высокай падвескай чапляе днішчам каляіну. І вось на гэтым «краі свету» жыве Анастасія Міхайлаўна. У сваім шаноўным узросце яна яшчэ садзіць агарод, трымае птушак, у ідэальным парадку ўтрымлівае хату. Гледзячы на дворык, адразу відаць руку гаспадыні, усё прыбрана і ляжыць на сваіх месцах. Проста дзіву даешся, як у яе сіл хапае з усім упраўляцца.

— У Бабінец я трапіла яшчэ ў 1961 годзе, муж прывёз мяне сюды з вялікай вёскі Дабраволя Гродзенскай вобласці. Адразу было нязвыкла: усяго дзевяць хат. Але ва ўсіх былі вялікія сем’і, жылі мы вельмі дружна, святы адзначалі разам, нават калі госці прыязджалі да каго-небудзь, клікалі ўсіх і накрывалі вялікі стол. Даўно гэта было, як успамінаю, адразу плачу, тады ўсе былі побач. Я без мужа ўжо 20 гадоў, дачка з сям’ёй жыве ў Віцебску, малодшы сын — у Клейніках, а старэйшага не стала чатыры гады таму, вось я і засталася тут, можна сказаць, адна. Дачка на зіму забірала да сябе, але я не хачу ўжо, вельмі далёка, ды і па хаце сумую, тут мая зямля, тут варта і паміраць, — расказвае Анастасія Міхайлаўна.

Пад’язджаючы да вёскі, мы не знайшлі нават указальніка, толькі на павароце стаіць вялікае кола ад старадаўніх жорнаў, на якім белай фарбай напісана назва — Бабінец. Чатыры гады таму яго знайшоў дзесьці на хутарах сусед, які выкупіў адну з трох пакінутых хат пад дачу і ўсталяваў хоць нейкі апазнавальны знак. Яшчэ мы з першых вуснаў даведаліся аб мясцовай легендзе, якая абвяшчае аб паходжанні назвы вёскі. Добра, што яшчэ ёсць каму расказаць.

— Калісьці казалі, што тут было непраходнае балота, але вакол яго — урадлівая зямля. У мясцовага жыхара было тры сыны, і ён пайшоў дзяліць паміж імі гэтую зямлю. Прыйшоўшы дадому, расказаў гаспадыні, што ўсё падзяліў пароўну. А яна спытала, што дасталася ёй. У адказ прагучала: «Бабе ніц», — што значыць нічога. Вось з гэтай кароткай фразы нібыта і пайшла назва вёскі. Яшчэ памятаю, калі мы бралі шлюб, на дрэвы вывешвалі розныя пудзілы, стужкі, каб адпалохваць нячыстую сілу. У святы мужыкі гулялі ў лато, жанчыны спявалі, увогуле, ёсць што ўспомніць, весела жылі, усе адзін аднаму дапамагалі.

Старшыня Сухопальскага сельвыканкама Ірына Кузьміч трымае пад увагай бытавыя праблемы адзінокіх старых, асабліва ў аддаленых вёсках. Ды праблем, як кажа Анастасія Міхайлаўна, асаблівых няма. Раз на тыдзень да яе прыязджае аўтакрама, пры неабходнасці наведвае фельчар з Роўбіцка (вельмі добра адзывалася старая жанчына пра спецыяліста). Стараста Роўбіцка Сяргей Шчэрба летам арганізуе падкошванне травы. Дзякуючы клопату дырэктара ААТ «Роўбіцкае» Сяргея Сцяпанава і спецыялістаў ДЭУ-140, вырашаюцца пытанні з той самай дарогай, пра якую мы гаварылі напачатку. Літаральна адразу пасля нашага прыезду тут прайшоў грэйдар, зрабілі прафіляванне і падсыпку жвірам.

На жаль, падобнага рамонту надоўга не хапае, асабліва пасля дажджоў: за сто метраў ад дома знаходзіцца сіласная яма, сюды ездзіць цяжкая тэхніка. Мы звязаліся з кіраўніцтвам прадпрыемства і атрымалі тлумачэнне, што на працягу тыдня сілас будзе вывезены і на гэтым месцы навядуць парадак.

Ірына Велясевіч.

Фота Кацярыны Масік