У вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна 13 жніўня праходзіў экалагічны фестываль «Спораўскія сенакосы». Удзел у спаборніцтвах па ручной касьбе прынялі і прадстаўніцы нашага раёна.

Так, іменна жанчыны, а гэта Наталля Крывецкая і Любоў Хоміч з аграгарадка Сухопаль паспаборнічалі з мужчынамі ва ўменні валодаць касой. Дарэчы, нашы прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва былі адзінай жаночай камандай, якая называлася «Пушчанкі». Вы б бачылі, як яны спраўна ўвіхаліся з косамі, як прыгожа клалі траву ў пракосы. Па ўмовах спаборніцтва, кожная каманда павінна была зрабіць пракосы шырынёй у тры і даўжынёй у 100 метраў. Жанчыны з гэтым справіліся. Праўда, па хуткасці абагнаць больш дужых мужчын ім, на жаль, так і не ўдалося. Але эмоцыі білі цераз край.

У XV чэмпіянаце па ручной касьбе прынялі ўдзел 19 каманд, у тым ліку адна каманда з Расійскай Федэрацыі.

Але гэта было не адзінае спаборніцтва. Буру эмоцый выклікаў VIII турнір па футболе на балоце, у якім прынялі ўдзел дзевяць каманд. За тытул лепшых «балотных футбалістаў» спрачаліся каманды з Бярозаўскага, Івацэвіцкага, Кобрынскага раёнаў і г. Брэста.

А яшчэ тут, на Спораўскіх балотах, у гэты дзень арганізавалі сплаў па рацэ Ясельда на байдарках, экалагічную сцежку, на якой можна было азнаёміцца з флорай і фаўнай Спораўскага заказніка. Як тут было хораша і раздольна, які адкрываўся абшар — не акінуць вокам! Нават гоман людзей, якія праходзілі па сцежцы, шчабятанне дзяцей не маглі парушыць спакойную веліч прыроды.

На вялікай паляне, дзе раскінуліся гандлёвыя палаткі, працавалі куткі рамеснікаў, было на што паглядзець і што набыць. Драўляныя цацкі, розныя абярэгі, посуд, невялікія скульптуркі, карціны з бяросты, саламяныя капелюшы, вырабы з бісеру, вышываныя ручнікі і іншыя шэдэўры нашых беларускіх мастроў вабілі вока. Усё хацелася купіць, адвезці дадому, каб любавацца гэтай прыгажосцю, карыстацца ёй.

На сцэне фестывалю адбываліся розныя прадстаўленні: спартыўныя, забаўляльныя, музычныя. Напрыклад, прыцягнула ўвагу многіх выступленне майстра спорту міжнароднага класа па гіравым спорце Ігара Сігневіча, удзельнікаў Алімпіяд баксёраў Вазгена Сафар’янца і Магамеда Нурудзінава. Радавалі сваім майстэрствам шматлікія творчыя калектывы.
Час ляцеў хутка, можна было б знайсці, чым заняцца тут і надалей, але карэктывы ўнёс летні лівень, які абрынуўся на зямлю бурным патокам разам з маланкай і громам.

Тым не менш, ён не змыў уражанні ад свята. Бурна імі дзяліліся самыя юныя ўдзельнікі нашай групы Максім і Варвара. Ім спадабалася ўсё. Думаю, што і дарослым таксама. Выказваем удзячнасць за арганізаваную паездку старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяне Гаманчук.
А наперадзе — наша раённае свята, «Ружанская брама», якое мае быць не менш цікавым і насычаным.
Чакаем суботу!
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/945499235464