У адзіны дзень інфармавання, які праводзіўся 20 кастрычніка, інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам сустракалася з калектывам ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў».
Харчовая бяспека Рэспублікі Беларусь ва ўмовах эканамічных санкцый, імпартазамяшчэнне як нацыянальны праект і комплексная стратэгія развіцця эканомікі — такія тэмы былі абраны для абмеркавання на сустрэчы.
З інфармацыяй па харчовай бяспецы выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік.
Другую тэму раскрывала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Ірына Ліхтаровіч.
Так, Беларусь ужо прывыкла жыць і працаваць ва ўмовах санкцый. Мы навучыліся вырабляць імпартазамяшчальныя тавары, прычым даволі якасныя. Напрыклад, малочны камбінат асвоіў выраб лінейкі цвёрдых элітных сыроў. Адзначым, што якасць іх не ўступае імпартным. Таксама асвойваецца выпуск сыроў з цвіллю. Большая частка з іх экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю.
Паведаміла Ірына Дзмітрыеўна і пра тое, як склаліся абставіны з імпартазамяшчэннем у цэлым па краіне, расказала пра вынікі маніторынгу цэн у Пружанскім раёне, у тым ліку на паслугі.
Пра тое, як спраўляецца з імпартазамяшчэннем ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», пра запатрабаванасць прадукцыі расказаў дырэктар прадпрыемства Андрэй Каласей. Падводзячы вынікі, Міхаіл Грышкевіч зазначыў, што завод развіваецца, што някепска было б адкрыць сваё канструктарскае бюро. Для гэтага трэба рыхтаваць свае кадры, напрыклад адкрываць профільныя класы, каб пасля выпускнікі маглі паступаць у тэхнічныя ВНУ і вяртацца на прадпрыемства. Трэба, каб і зарплата адпавядала добраму ўзроўню.
Сам кіраўнік раёна расказаў аб эканамічным развіцці Пружаншчыны, адказаў на пытанні завадчан, якія ў асноўным цікавіліся якасцю дарожнага пакрыцця, будаўніцтвам жылля, а таксама іншымі праблемамі.
На ўсе пытанні прагучалі грунтоўныя адказы.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара