«Збожжавы сноп» Пружаншчыны заўсёды даволі важкі. Фарміруе яго і калектыў зернесушыльнага комплексу ЗСК-80 ААТ «Ружаны-Агра», які знаходзіцца ў Калазубах. Падчас жніва ў апошнія гады ён стабільна — у лідарах.
І сёлетні сезон не стаў выключэннем.
Нягледзячы на спякотнае летняе сонца, абсалютна любыя, нават сухія на выгляд і прыгожыя зярняты патрабуюць яшчэ значнай дапрацоўкі. Таму пераацаніць ролю зернесушыльных комплексаў падчас уборкі немагчыма: давядзенне збожжа да неабходных паказчыкаў, у першую чаргу, па вільготнасці і чысціні перад закладкай на захоўванне ці перапрацоўкай, — адзін з важнейшых этапаў уборачнай кампаніі.
Магутнасць сучаснага зернесушыльнага комплексу ЗСК-80, што ў Калазубах, дазваляе пры бесперапыннай загрузцы дапрацоўваць за суткі каля 1,2 тысячы тон збожжа пры яго дапушчальна мінімальнай вільготнасці 14-15%. Гэта намнога больш, чым на старых комплексах, прадукцыйнасць якіх істотна саступае.
Калектыў зернесушыльнага комплексу ў Калазубах стараецца выкарыстоўваць вытворчыя магутнасці па максімуме: сёлета за змену праз агрэгаты прапускалася ў сярэднім каля 1 тысячы тон збожжа. Як удакладніў старшы аператар ЗСК-80 Сяргей Левянкоў, у выніку ў Калазубах сёлета было дапрацавана больш за 18 тысяч тон збожжа, а таксама яшчэ каля 3,5 тысяч тон насення рапсу.
Варта адзначыць, што калектыў комплексу хаця і малады, але, як кажуць, не «зялёны». Бесперабойную работу абсталявання, кантроль за вільготнасцю збожжа, якое паступае ў сушылку і на выхадзе з яе забяспечваюць С.В.Левянкоў, А.А.Уласенка, А.П.Юрэня і А.В.Густыр. У такім складзе яны працуюць на комплексе не першы год.
Але гэта ў сезон маладыя людзі непасрэдна кіруюць усім працэсам ачысткі і сушкі, у астатні час шчыруюць на сваіх асноўных працоўных месцах. Працоўны стаж у таварыстве Сяргея Левянкова, напрыклад, складае чатыры гады: пасля атрымання дыплома Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа маладога спецыяліста прынялі на работу ў ААТ «Ружаны-Агра» тэхнікам-электрыкам. Тры апошнія гады на сезон уборкі збожжа ён становіцца аператарам ЗСК. Тут жа, у гаспадарцы, працуе ветфельчарам і яго жонка. Гаспадарка выдзеліла сям’і жыллё ў Варанілавічах.
Андрэй Юрэня перакваліфікоўваецца на аператара ЗСК таксама ў трэці раз. Імкнецца працаваць старанна, як і мама з татам, якія таксама з‘яўляюцца работнікамі ААТ «Ружаны-Агра». Зваршчык таварыства Аляксандр Густыр на ЗСК другі год. Крыху больш за сваіх напарнікаў — чацвёрты год — на сушцы збожжа працуе Андрэй Уласенка.Тэхнік- электрык з вышэйшай адукацыяй не імкнецца да гарадскога жыцця: пасля вучобы вярнуўся на сваю малую радзіму — у Калазубы. Працаваць пайшоў у мясцовую гаспадарку, дзе шмат гадоў шчыруе яго бацька-механізатар.
Калектыў аператараў вернецца да сваёй асноўнай працы толькі пасля таго, як навядзе парадак на ЗСК. Згуртаванасць і адказнасць не першы год дапамагаюць хлопцам падтрымліваць агрэгаты комплексу ў рабочым стане, не дапускаючы прастояў. Менавіта таму калектыў гэтага падраздзялення стабільна займае верхнія радкі спаборніцкай табліцы сярод аналагічных комплексаў не толькі раёна і вобласці, але і краіны.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).