Понедельник, 2 декабря 2024

Адзін шлях на абодвух абралі блізняты-выратавальнікі Руслан і Раман Леўчукі

400

Блізняты Руслан і Раман Леўчукі нарадзіліся ў адзін дзень з розніцай у некалькі хвілін. І далейшы лёс у іх складваўся адзін на дваіх.

Вадзіцелі спецаўтамабіляў, браты-блізняты Руслан і Раман Леўчукі.

Зразумела, што разам пайшлі ў адну школу. Пасля 11-гадовай вучобы за адной партай і атрымання атэстатаў браты і далей вырашылі ісці па адным шляху — паступілі ў Брэст у каледж, які паспяхова скончылі. Потым — тэрміновая служба ў арміі з адным днём прызыву і атрыманнем павестак у адну і тую ж вайсковую часць. Пасля дэмабілізацыі Руслан і Раман разам пайшлі ў выратавальнікі. І хаця служаць яны ў розных падраздзяленнях — адзін у пажарнай часці г. Пружаны, а другі — на Ружанскім пажарным аварыйна-выратавальным пасту, — абодва сталі вадзіцелямі спецаўтамабіляў.

Раман і Руслан Леўчукі служаць у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях з 2014 года. Браты аднолькава добрасумленныя і адказныя работнікі, выдатныя таварышы і надзейныя калегі. І хаця ўзнагароды за адданую працу ў іх розныя, разам даслужыліся да аднаго звання — старшына.

У будучым лёс, магчыма, распарадзіцца інакш, усё ж у жыцці кожнага з іх не можа не быць сваіх адметнасцей. Аднак жа, хто ведае, раптам аднолькава прыемныя навіны і павароты зноў адначасова напаткаюць абодвух?!

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік