Суббота, 14 декабря 2024

Адзін дзень з судовымі выканаўцамі правялі карэспандэнты «раёнкі»

968

У ДАЎГУ, ЯК У ШАЎКУ
Сучасныя эканамічныя адносіны адкрылі шмат шляхоў для папраўкі фінансавага становішча беларусаў. Не жадаеш збіраць грошы на пакупку бытавой тэхнікі, аўтамабіля або жылля? Бяры крэдыт і вяртай яго паступова. Вось толькі не ўсе ўмеюць, а некаторыя і не жадаюць жыць па сродках і плаціць па сваіх даўгах. Лепей, кажуць, жыць па прынцыпе «каму я вінаваты, таму ўсё дарую». А крэдытор няхай сам ламае галаву, як вярнуць даўгі. У свеце прынята ў такіх сітуацыях звяртацца па дапамогу да розных калектарскіх кампаній. Такія ж інстытуты ўведзены і ў нашых суседзяў. Вось толькі практыка паказвае, што ў падобнай дзейнасці варта наладжваць вельмі сур’ёзны кантроль, каб працэс спагнання пазыкі не перайшоў у крымінальную плоскасць. Задзейнічаць трэба сур’ёзныя сілы і сродкі, каб пазбегнуць парушэння правоў грамадзян. З улікам гэтага ў Беларусі было прынята рашэнне аб стварэнні дзяржаўнай службы, якая і будзе займацца спагнаннем даўгоў рознага кшталту.

Так у 2014 годзе пасля падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь адпаведнага Указа пачала дзейнічаць сістэма органаў прымусовага выканання. Праз восем гадоў служба не страціла сваю актуальнасць, наадварот, практыка паказала эфектыўнасць падобнага рашэння. Напрыклад, летась былі пашыраны задачы супрацоўнікаў АПВ, у спіс якіх таксама ўключылі падатковыя іскі.

КОЛЬКАСЦЬ ДАЎЖНІКОЎ РАСЦЕ
Пра гэта сведчыць статыстыка райаддзела прымусовага выканання. Разам з судовым выканаўцам Дзінай Кнігай мы накіроўваемся па адрасах даўжнікоў, ўлік якіх вядзецца ў службе прымусовага выканання.

— Падобныя выезды ладзяцца чатыры дні на тыдзень, — расказвае Дзіна Сяргееўна. — Кожнаму з трох нашых супрацоўнікаў за адзін «рэйс» неабходна наведаць у сярэднім да 50 адрасоў.

Трэба сказаць, што маршрут можа праходзіць не толькі па райцэнтры і навакольных населеных пунктах. Здараецца, што за дзень на службовым аўтамабілі даводзіцца праехаць некалькі сотняў кіламетраў па Пружаншчыне, пачынаючы ад Блізной і заканчваючы Казакамі. Каб аптымізаваць маршруты, выезды плануюцца загадзя, выбіраецца прымальны накірунак, напрыклад, ружанская, шарашэўская або ліноўская зоны. Але пра свае планы выканаўцы «гаспадароў» не папярэджваюць. Зразумела, што гасцінна іх ніхто не сустракае.

Прасцей службе прымусовага выканання з тымі, хто працуе, атрымлівае зарплату і іншыя віды даходаў. У такіх выпадках дастаткова ўстанавіць крыніцы фінансавых паступленняў, каб частку патоку накіраваць на пагашэнне запазычанасці. Памер устанаўлівае суд, у некаторых выпадках ён можа дасягаць 70% ад усіх прыбыткаў грамадзяніна. З іншымі выканаўцам даводзіцца сустракацца непасрэдна. Што не пакідае добрых уражанняў у супрацоўнікаў аддзела. Нярэдка іх жыллё выглядае вельмі непрэзентабельна, рэчаў, на якія можна накласці арышт, няма. Заўважым, што ў спіс маёмасці, якую нельга арыштаваць, уваходзяць прадметы першай неабходнасці, некаторая мэбля, а нядаўна ён быў дапоўнены пральнай машынай. Варта дадаць, што рэч будзе арыштавана, нават калі па ёй не завершаны крэдытныя абавязкі.

Здараюцца і іншыя сітуацыі. Напрыклад, апісваецца маёмасць у арандаванай кватэры. І яе ўладальніку даецца 10-дзённы тэрмін на абскарджанне арышту ў судовым парадку: патрэбна даказаць, што рэчы не належаць наймальніку жылля. Да разгляду прымаюцца дакументы, нярэдка падключаюцца сведкі. Словам, працэдура не з простых, з-за чаго выканаўцы раяць тым, хто здае жыллё, пільна ўстанаўліваць асобы патэнцыяльных кватарантаў. Бывае і такое, што людзі, не ведаючы пра гэта, набываюць арыштаваныя прадметы. Напрыклад, быў накладзены арышт на аўтамабільны прычэп, а адказчык прадаў яго. Месца знаходжання транспартнага сродку ўстанаўліваецца і прычэп канфіскуецца ў пакупніка, без пагашэння выдаткаў.

Зразумела, не ўсе з даўжнікоў з’яўляюцца безадказнымі крэдытаатрымальнікамі. Сярод тых, на каго заведзены ўліковыя справы, нямала неплацельшчыкаў камунальных паслуг, гора-бацькоў, у якіх адабралі дзяцей, і тыя павінны кампенсаваць дзяржаўныя выдаткі на ўтрыманне малых. Ёсць «штрафнікі», прыцягнутыя праваахоўнымі органамі да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці з выплатай штрафаў або аднаўлення прычыненага ў выніку супрацьпраўных дзеянняў урону. Каб паказаць агульны «партрэт» прадстаўнікоў кожнай такой катэгорыі, судовы выканаўца спецыяльна адабрала з вялікага стосу адпаведныя папкі.

«АНТЫКАМУНАЛЬШЧЫКІ»
Гэта адна з самых неадэкватных катэгорый даўжнікоў. Грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, нідзе не працуюць, злоўжываюць спіртнымі напоямі. Яны нярэдка за розныя правапарушэнні прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці з накладаннем штрафаў. Вось толькі апошнія проста памнажаюцца гадамі. Ёсць яшчэ сумы, якія назначаны ў… мільёнах старых рублёў. Пагашаць запазычанасць даўжнікі нават і не думаюць. Ды і няма з чаго, калі асноўным заробкам з’яўляецца збор выкінутага смецця. У сапраўдныя сметнікі яны ператвараюць свае сядзібы, але рэальных рычагоў уздзеяння на падобных грамадзян няма. Нават і ў судовых выканаўцаў, якія праз пэўны час вымушаны проста закрываць выканаўчыя справы за адсутнасцю магчымасці іх вырашэння. Мы праехалі па некаторых адрасах у райцэнтры і зведалі сапраўдны жах ад убачанага. Большасць «гаспадароў» дома не засталі, у выніку супрацоўнікі аддзела пакідалі павесткі з выклікам у АПВ. Якія таксама нярэдка ігнаруюцца.

Па адным з адрасоў даўжнікоў усё-такі знайшлі. Сустрэлі нас вельмі агрэсіўна, з брыдкімі словамі. У доме жывуць пенсіянерка, яе дачка і трое ўнукаў працаздольнага ўзросту. Працаваць ніхто не збіраецца, маўляў, работы няма. Хаця па стане двара бачна, што яны і не будуць. Усіх утрымлівае бабуля на пенсію ў 500 рублёў.

«АЛІМЕНТШЧЫКІ»
Іх жыллё выглядае не лепш. Па некалькіх адрасах у в.Новыя Засімавічы мы пераканаліся ў гэтым на свае вочы. Выбітыя дзверы, за якімі можна здымаць кінастужкі пра філіял пекла. І ў такіх умовах раслі дзеці? Так і хочацца сказаць, што наша ювенальная юстыцыя павінна быць больш жорсткай. Аліменты на дзяцей яны не плацяць гадамі, за некаторымі назбіралася сума па 3 тысячы рублёў і больш. Зразумела, што дзяржава не будзе чакаць гэтых грошай, каб карміць і апранаць, выхоўваць і лячыць іх дзяцей. Сродкі выдаткоўваюцца з рэспубліканскага бюджэту. Які фарміруецца за кошт падаткаў добрасумленных грамадзян. Магчыма, трэба прымяняць іншыя, больш дзейсныя падыходы, каб ад падобных грамадзян атрымліваць хаця б якую-небудзь карысць?

«БЯРУ ЧУЖЫЯ ГРОШЫ І НАДОЎГА»
Прынцып крэдытавання добра адлюстраваны ў вядомай прымаўцы «Бяру чужыя ненадоўга, а аддаю свае і назаўсёды». Але не ўсе захоўваюць яго, пераконваць іх даводзіцца супрацоўнікам службы прымусовага выканання. Гараджанін з 2013 года нідзе не працаваў, напачатку жніўня мінулага года працаўладкаваўся для таго, каб атрымаць крэдыт. Банк выдаў яму тысячу рублёў на спажывецкія патрэбы, атрымаўшы якія, мужчына адразу звольніўся. Узнікае справядлівае пытанне: чаму банкаўскія работнікі нядбайна паставіліся да вывучэння магчымасцей заяўніка на крэдыт? Нават па яго жыллі можна было зрабіць высновы аб неплацежаздольнасці. У выніку тую тысячу цяпер трэба спаганяць выканаўцам.

Яшчэ горш робяць розныя мікрафінансавыя арганізацыі, якія на месяц выдаюць 200 рублёў, а вяртаць патрэбна — 2 тысячы. І аддаюць грошы любому жадаючаму, які заходзіць у «кантору» ледзь не з півам у руках.

У практыцы супрацоўнікаў АПВ нярэдка ўзнікаюць справы, якія звязаны з вяртаннем ўрону, які прычыніў былы работнік. Адна з фірм не наладзіла дакладны кантроль за дзеяннямі супрацоўніцы, якая вырашыла, што за кошт сваёй арганізацыі можна разжыцца. І прысвоіла 6 тысяч рублёў. Пры гэтым забірала грошы «з касы» не адзін месяц і нават не паўгода. Хаця б простая зверка бухгалтарскай справаздачы паказала б нястачу. Тое, што павінны былі рабіць наймальнікі, давялося вырашаць суду. Вось толькі грамадзянка штраф і ўрон не выплачвае, з-за чаго выканаўцы арыштавалі тэлевізар.

«ПАЗАБІВАЮ ВАС!»
Пагрозы нярэдка даводзіцца чуць судовым выканаўцам. Раней іх суправаджалі работнікі аддзела аховы, але зараз дзяўчаты ездзяць па адрасах даўжнікоў адны. Канфлікты — з’ява частая, і не заўсёды яны заканчваюцца толькі лаянкай…

У гэтым мы пераканаліся, калі наведалі жыхара адной з шматпавярховак па вул.Інтэрнацыянальнай. Мужчына быў аштрафаваны за ваджэнне ў нецвярозым стане, праз паўгода зноў быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. На гэты раз быў пазбаўлены аўтамабіля. А вось штрафы выплачваць адмовіўся. Выканаўцам дзверы ён адкрыў, але калі ўбачыў іх на парозе, тут жа замкнуўся. Праз дзверы супрацоўнікі папярэдзілі яго, што будуць вымушаны прыцягваць праваахоўнікаў і ўзломваць дзверы. На што ў адказ пачулі: «Паспрабуйце, пазабіваю…»

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік