Суббота, 15 марта 2025

Аджалі па поўнай. У раёне прайшоў аматарскі чэмпіянат па жыме лежачы

713

У мінулую нядзелю трэнажорная зала Воднага палаца аб’яднала дужых людзей, якія любяць пацягаць жалеза. Упершыню ў нашым раёне прайшоў аматарскі чэмпіянат па жыме лежачы.


З ініцыятывай сабраць на адной пляцоўцы аматараў паўэрліфцінгу выступіў спартсмен-аматар Алег Рабчук. Ідэю патрымалі ў раённым фізкультурна-спартыўным клубе “Мухавец”. І хоць аб’ява пра чэмпіянат была размешчана ў групе клуба “УКантакце” літаральна за тыдзень да яго правядзення, цікавасць да мерапрыемства была вельмі вялікая.


Як расказала дырэктар клуба “Мухавец” Вікторыя Шаманава, першапачаткова на ўдзел у турніры было пададзена больш за 20 заявак. Паказаць свой спрыт хацела нават некалькі жанчын, але ў апошні момант яны адмовіліся спаборнічаць. У выніку за права насіць званне мацнейшага змагалася 17 мужчын з Пружан, Новых Засімавіч, Бярозы і Брэста.

Да пачатку чэмпіянату кожнага ўдзельніка чакала кантрольнае ўзважванне. Яно выявіла тры катэгорыі, у якіх і змагаліся спартсмены-аматары. Найбольшая канкурэнцыя, зразумела, была ў вагавой катэгорыі да 80 кг. Усяго тры чалавекі ўвайшлі ў групу з вагой да 90 кг, а вось цяжкавагавікоў (катэгорыя звыш 90 кг) на спаборніцтвах было чатыры.


Кожнаму ўдзельніку давалася магчымасць зрабіць жым тры разы, пры гэтым залічваўся найлепшы вынік. Адметна, што мужчыны з кожным разам павялічвалі вагу штангі — і амаль усе спраўляліся з ёй.
Паколькі асноўным элементам спаборніцтваў з’яўлялася штанга, то і п’едэсталам для чэмпіёнаў паслужылі “бліны” ад яе. Пераможцам чэмпіянату ў катэгорыі да 80 кг быў прызнаны Дзмітрый Нічыпаровіч, які здолеў зрабіць жым у 142,5 кг. Найлепшым вынікам Алега Рабчука стала ўдалая спроба падняць 150 кг, якая і прынесла яму перамогу ў спаборніцтве сярод аматараў з вагой да 90 кг. Абсалютным рэкардсменам турніру стаў Дзяніс Семаковіч. Яму пакарылася штанга вагой ажно ў 162,5 кг! Не дзіўна, што сярод цяжкавага-вікоў роўных Дзянісу не знайшлося.


Наперадзе ў арганізатараў шмат планаў. Напрыклад, правядзенне турніру ўжо на вуліцы. І рэалізацыя іх залежыць не толькі ад эпідсітуацыі, але і ад зацікаўленасці пружанцаў. Для ўдзелу ў турнірах, што праводзіць РФСК “Мухавец”, не трэба быць прафесійным спартсменам, галоўнае – жаданне!

На здымку: абсалютныя пераможцы турніру Алег Рабчук, Дзяніс Семаковіч і Дзмітрый Нічыпаровіч (злева направа).
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.