Калі ў большасці з нас лета асацыіруецца з адпачынкам, то толькі не ў навучэнцаў каледжа. Зразумела, што трэба здаць сесію, закрыць «хвасты». Пасля ж можна ўдасканаліць прафесійныя веды, а заадно — падзарабіць. Выдатны варыянт для гэтага — студэнцкія атрады, якія пачалі працу на Пружаншчыне яшчэ ў маі.
Усяго ў вяснова-летні сезон хлопцаў і дзяўчат, якія жадаюць паспрабаваць сілы ў студатрадаўскім руху, прыме 11 арганізацый раёна. Сярод іх лясгас, доследная станцыя, сельгаспрадпрыемствы раёна. Такім чынам, магчымасць часова працаўладкавацца атрымаюць амаль 200 маладых людзей.
Адразу тры студатрады працуе зараз у ААТ «Жураўлінае». На гэтым тыдні прыступілі да работы восем вучняў Кляпацкай СШ. У складзе яшчэ двух атрадаў — навучэнцы каледжа. У першым таксама восем чалавек, гэта будучыя механікі і электрыкі. У другім шчыруе дзевяць механікаў — навучэнцы спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне сельгасвытворчасці».

Кіруе работай хлопцаў начальнік мехатрада Вячаслаў Паўлюковіч. З ім, а таксама разам з намеснікам дырэктара гаспадаркі Зінаідай Усік, праходзім у рамонтныя майстэрні. Сярод іншых у дзень візіту карэспандэнтаў тут працавалі Марк Курмыса і Антон Макасевіч. Хлопцы «ажыўлялі» трактар «Беларус 1221».
— Наш працоўны дзень доўжыцца восем гадзін. На абед і вячэру ходзім у сталоўку гаспадаркі. Кормяць вельмі смачна, ды і ўмовы задавальняюць! — кажа Максім.
У пацвярджэнне слоў юнака Зінаіда Міхайлаўна расказвае, што жывуць хлопцы ў гасцініцы гаспадаркі. У кожным нумары — усё неабходнае для пражывання, у тым ліку душ і тэлевізар. Словам, адпачыць пасля насычанага дня ёсць дзе. Працуе і пральня, што вельмі зручна для хлопцаў.
— Першыя студатрадаўцы ў «Жураўліным» з’явіліся прыкладна 10 гадоў таму, — расказвае Зінаіда Міхайлаўна. — Тады мы паспрабавалі — і нам, і навучэнцам спадабалася. Такую практыку вырашылі працягваць. Мне здаецца, што гэта карысна і для нас, і для моладзі: мы прыглядваемся да навучэнцаў як да будучых работнікаў, яны ж непасрэдна сутыкаюцца з тым, што давядзецца рабіць пасля атрымання дыплома.
Як аказалася, многія з 17 студатрадаўцаў пасля каледжа хацелі б размеркавацца ў «Жураўлінае». Марк і Антон сур’ёзна задумваюцца пра гэта.

А вось Максім Саўко, Аляксандр Васільеў і Артур Раманчук, якія працавалі побач, мараць пра паступленне ў ВНУ. Магчымасць акунуцца ў будучую прафесію знутры хлопцы ахвотна выкарысталі. Расказваюць, што прапанова папрацаваць у складзе атраду паступіла ад штаба працоўных спраў каледжа. Ён створаны і функцыянуе як своеасаблівае бюро вакансій для тых, хто не лянуецца і жадае працаваць.
Дарэчы, ёсць сярод студатрадаўцаў каледжа тыя, хто паспеў выдатна зарэкамендаваць сябе. Гаворка пра Максіма Бушко. Хлопцу нават даверылі працу на трактары, і выконвае ён яе, па словах начальніка мехатраду Вячаслава Паўлюковіча, вельмі адказна. Такім юнакам, як Максім, у «Жураўліным» прапануюць заставацца на падпрацоўку на працягу ўсяго лета. Выкарыстоўваць такую магчымасць ці не — рашэнне навучэнца.
З упэўненасцю можна сказаць, што праца ў студэнцкім атрадзе — патрэбная, цікавая, карысная і, што важна, аплочваемая — запомніцца кожнаму, хто паспрабаваў сябе ў гэтым руху. Калі ж ёсць такое жаданне, то неабходна запоўніць анкету для працаўладкавання ў студатрадзе, якая размешчана на сайце райвыканкама ў раздзеле «Сацыяльная сфера» — «Маладзёжная палітыка». Пасля анкету трэба перадаць у райкам ГА «БРСМ» (кабінет 402 райвыканкама,
тэл. 44-7-14).
Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара