Среда, 7 октября 2026

Адразу тры новыя аўто для абслугоўвання сельскіх жыхароў атрымала Пружанскае райспажыўтаварыства

435

Адразу трыма новымі аўто для абслугоўвання сельскіх жыхароў папоўніўся аўтамабільны парк Пружанскага райспажыўтаварыства.

Новыя аўталаўкі выпушчаны на базе Мінскага аўтамабільнага завода і былі распрацаваны для таго, каб абслугоўваць сельскае насельніцтва. Гэта, як адзначылі ў Пружанскім РСТ, 160 населеных пунктаў і 4800 жыхароў — такая зона абслугоўвання таварыства на сёння.

На адным з новых аўтамабіляў працуюць вадзіцель 5 разраду Аляксандр Трус і прадавец аўтамагазіна 4 катэгорыі Наталля Залкоўская. Штодня, акрамя серады і нядзелі, аўтакрама едзе па зададзеных маршрутах, вязе тавары жыхарам Агароднікаў і Бярозаўкі, Вялікіх Якавіч і Радзецка, Прыкалеся і Непамацынаўкі…

Новыя аўтамагазіны павышанага аб’ёму, а значыць, дазваляюць перавезці большую колькасць тавару. Гэта, у сваю чаргу, садзейнічае пашырэнню асартыменту для сельскіх жыхароў.

— Гэта не аўтамабіль, а касмічны карабель! Аўтамагазін укамплектаваны халадзільным абсталяваннем як нізкатэмпературнага, так і сярэднетэмпературнага рэжымаў для таго, каб асартымент тавараў, якія дастаўляюцца ў сельскую мясцовасць, максімальна пашырыць: пачынаючы ад хлеба і заканчваючы марожаным, паўфабрыкатамі і іншым, — адзначыў старшыня праўлення Пружанскага райспажыўтаварыства Дзмітрый Карпей.

Алена Зубко

Фота Руслана Басака