Пятница, 13 декабря 2024

Адразу тры медалі прывезлі пружанскія фігурысткі з рэспубліканскіх спаборніцтваў «Кубак Нямігі»

393

Пружанскія фігурысткі вярнуліся з трыма медалямі з рэспубліканскага турніру па фігурным катанні.

Спаборніцтвы «Кубак Нямігі» з 20 па 22 студзеня прымаў гомельскі Лядовы Палац спорту. Гонар ДЮСШ № 2 на ім абаранялі чатыры падапечныя трэнераў Вольгі Уважанай, Таццяны Хадаровіч і Юрыя Цішкова.

Адразу тры нашы спартсменкі выступалі ў катэгорыі кандыдатаў у майстры спорту. У выніку Уладзіслава Чахоўская стала бронзавым прызёрам. Трэба сказаць, што падчас пракату адвольнай праграмы Улада выканала скачок пад назвай трайны фліп, які быў зафіксаваны суддзямі і занесены ў пратакол. Залатую ўзнагароду сярод кандыдатаў у майстры спорту заваявала наша Юлія Покала. Зусім крыху не хапіла да медаля Соф’і Здановіч — яна стала чацвёртай.

У малодшай групе другога спартыўнага разраду ўдала выступіла Крысціна Валасюк. Фігурыстка стала сярэбраным прызёрам, пры гэтым устанавіла асабісты рэкорд.

Як паведамілі ў ДЮСШ № 2, зусім хутка атрымаць асалоду ад выступленняў фігурыстаў з усёй краіны можна будзе ў Пружанах. З 8 па 12 лютага наш Лядовы палац прыме адразу тры рэспубліканскія турніры — трэці этап спаборніцтваў «Зорачка», а таксама чарговыя этап Кубка Беларускага саюза канькабежцаў і Кубка Рэспублікі Беларусь. З раскладам спаборніцтваў абавязкова вас пазнаёмім, сачыце за газетай і электроннымі рэсурсамі.

Уладзіслаў Шпарла