Шчырым і вельмі шчымлівым атрымаўся мітынг-рэквіем, што правялі 17 ліпеня каля брацкай магілы ў аг. Руднікі. Ён аб‘яднаў адразу некалькі патрыятычных акцый: «Марафон Перамогі», «Захаваем гісторыю», «Лічбавая зорка». А галоўнае — згуртаваў людзей розных пакаленняў.
На тэрыторыі Пружанскага раёна — 72 памятныя месцы, дзе ў брацкіх магілах упакоены не толькі салдаты і афіцэры Чырвонай арміі, партызаны і іх актыўныя памочнікі, але і мірныя жыхары: жанчыны, старыя, дзеці. 72 абеліскі ахоўваюць іх вечны сон. Гэтыя месцы даглядаюць, да іх прыносяць кветкі. Амаль кожная сям‘я ў гады Вялікай Айчыннай вайны сутыкнулася з бядой і стратай блізкіх. Таму словы пра захаванне памяці для сённяшніх пакаленняў — не пусты гук.
Пра гэта казаў падчас адкрыцця мітынгу-рэквіему загадчык аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік. І прывёў жудасныя па сваім сэнсе лічбы: нехта падлічыў, што, калі б усе загінулыя савецкія салдаты прайшлі строем падчас параду на Краснай плошчы, гэты парад працягваўся б 19 сутак…
Пахаваныя ў брацкай магіле ў Рудніках — толькі маленькая частка вялізнай арміі тых, хто загінуў дзеля цішыні над Беларуссю, дзеля яе мірнага неба, спеваў птушак, дзіцячага смеху. Пра гэта казалі і вядучыя — загадчыца Рудніцкага СКБ Таццяна Бабыла і намеснік дырэктара Пружанскага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Юлія Кунда. Дарэчы, менавіта работнікі гэтай арганізацыі сталі ініцыятарамі правядзення ў першым рэгіёне акцыі «Марафон Перамогі». Справа ў тым, як расказаў дырэктар Брэсцкага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Васілій Халадцоў, у мінулым годзе калегі аналагічнай расійскай структуры перадалі беларусам копію Сцяга Перамогі, якая пабывала ў шматлікіх гарадах Расійскай Федэрацыі — ад Далёкага Усходу да заходніх межаў.
— Мы не маглі не далучыцца да акцыі, вырашылі пранесці па Брэстчыне памяць пра людзей, якія аддалі свае жыцці за нашу будучыню, — кажа Васілій Міхайлавіч. — З копіяй Сцягу Перамогі мы пабывалі ў гэтыя дні ў Баранавіцкім, Лунінецкім, Пінскім, Бярозаўскім раёнах.
17 ліпеня сіламі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту была вызвалена Пружаншчына, 22 ліпеня гэтымі ж войскамі — Камянец. І на мітынгу ў Рудніках прысутнічалі прадстаўнікі Камянецкага аддзялення.
Работнікі філіялаў Брэсцкага агенцтва зрабілі партрэты сваіх сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне — і ветэраны нібы таксама сталі сведкамі мерапрыемства, глядзелі з фотаздымкаў, як на чырвонае палотнішча прышпільваюцца геральдычныя знакі Пружаншчыны і Камянеччыны.
Далей копія Сцяга Перамогі накіравалася ў Кобрын, а потым яе чакаюць у Брэсцкай крэпасці.
Таксама падчас мітынгу была адкрыта шыльдачка з QR-кодам, дзякуючы якому кожны наведвальнік зможа атрымаць інфармацыю пра воінскае пахаванне. Нагадаем, што акцыя «Лічбавая зорка» праводзіцца па ініцыятыве ГА «БРСМ». Першы сакратар раённага камітэта гэтага маладзёжнага аб‘яднання Ульяна Апаляйчук звярнула ўвагу, што падобныя акцыі накіраваны і на выхаванне грамадзянскасці. Моладзь павінна памятаць пра подзвіг сваіх дзедаў і прадзедаў і ганарыцца імі.
Прысутнічалі на мітынгу і родныя тых, хто пахаваны ў Рудніках. Са слязьмі ўзгадвала Людміла Плескацэвіч пра свайго дзядулю Макара Пятровіча Дзенісевіча. Жыхар Ражковіч быў схоплены акупантамі за дапамогу партызанам. Нягледзячы на просьбы жонкі, якая заставалася з шасцю дзецьмі, карнікі жорстка катавалі, а потым расстралялі яго, а таксама яго бацьку, іншых родных.
— Вельмі дарагую цану заплацілі мы за мірнае неба, — кажа Людміла Мікалаеўна.
Аказалася, што і зусім юным удзельнікам мерапрыемства — школьнікам, якія адпачываюць у рудніцкім лагеры «Юны турыст», ёсць, што ўзгадаць. Напрыклад, Арцёму Новіку пра жахі вайны расказваў прадзядуля Аляксандр Амяльянец. Хлопчыку, як і яго таварышам, якія мужна стаялі ля помніка ў ганаровай варце, ёсць з каго браць прыклад.
Кароткую ліцію па загінулых адслужыў настаяцель Свята-Пакроўскага храма ў аг. Руднікі іерэй Анатоль Кавальскі і асвяціў месца пахавання. Анёла ахоўніка і Божай дапамогі ва ўсіх справах пажадаў святар прысутным. І галоўнае — мірнага неба…
Ірына Сядова.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_303414803 і https://ok.ru/budni/album/981132218760