Четверг, 13 февраля 2025

Адразу два вадзіцелі раёна сталі «тысячнікамі» на перавозцы збожжа

1 331

Значнасць работы кожнага чалавека, задзейнічанага падчас жніва, неацэнная. Аграрыі старанна працуюць сёння, каб заўтра, як бы гэта банальна ні гучала, на нашым стале быў хлеб і было да хлеба. Не абысціся на ўборцы без вадзіцеляў. Тона за тонай яны перавозяць збожжа новага ўраджаю і… становяцца «тысячнікамі». На гэтым тыдні такога паказчыка дасягнула адразу два вадзіцелі раёна.

«Дальнабой» і «Саня №1». Дзве шыльдачкі з такімі надпісамі месцяцца ў аўтамабілі «МАЗ 551605» – верным памочніку Аляксандра Санукевіча, вадзіцеля з ААТ «Жураўлінае». Абодва надпісы цалкам апраўданы: і ў час жніва, і пасля яго Аляксандр Уладзіміравіч даволі часта дастаўляе грузы ў іншыя раёны вобласці. Ну, а падчас жніва заўсёды імкнецца быць першым. І гэта звычайна яму ўдаецца.

У гаспадарку Аляксандр прыйшоў амаль 15 гадоў таму. Паспеў паспрабаваць сябе ў розных ролях і працаваў на рознай тэхніцы. Пэўны час падчас жніва быў памочнікам камбайнера. Маладзёжны экіпаж з «Жураўлінага» некалькі сезонаў запар станавіўся раённым лідарам.


Лідарства А.У.Санукевіч стараецца захоўваць і зараз: імкнецца пабіць свой асабісты рэкорд у 2700 тон перавезенага збожжа. Першая тысяча тон сёлетняга збожжа ў асноўным складаецца з ячменю. За ім пайшлі рапс, жыта…


— Жніво – адказны час, а яшчэ, не буду ўтойваць, гэта магчымасць зарабіць, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч.


Сапраўды, грошы спатрэбяцца вельмі хутка. Аляксандр Уладзіміравіч з жонкай Наталляй Генадзьеўнай, якая ўзначальвае МТК «Клепачы», гадуюць двух сыноў і дачку. Зараз чакаюць яшчэ адну дачушку. Не завершаны і некаторыя работы ў доме ў в.Казлы, які выдзеліла сям’і гаспадарка. Таму збаўляць тэмп у летні час проста недаравальна.

Не дазваляе сабе расслабіцца і вадзіцель ААТ «Ружаны-Агра» А.М.Маразевіч.


У сельгаставарыства Алег Мікалаевіч прыйшоў больш за 10 гадоў таму. Да гэтага служыў у вайсковай часці. Любоў да тэхнікі, прызнаецца вадзіцель, у яго з дзяцінства. У жыхароў родных Клепачоў заўсёды было шмат веласіпедаў, а ў бацькі, які працаваў у лясніцтве, меўся мапед. Але ж хлопца цягнула да аўтамабіляў. Таму пасля школы паступіў у Ваўкавыскае прафтэхвучылішча.


– Зараз маю вадзіцельскае пасведчанне, дзе адкрыты ўсе катэгорыі, магу адрамантаваць амаль любы аўтамабіль, — кажа Алег Мікалаевіч. — Дома таксама люблю паваждацца з тэхнікай. Праяўляе цікавасць да яе і малодшая дачка Апалінарыя: падае ключы, просіць падрабязна ўсё паказваць і расказваць. Хто ведае, магчыма, падрастае змена, — не ўтойвае ўсмешку вадзіцель.


Убраны ячмень — і цяпер у кузаве «МАЗа», на якім Алег Маразевіч шчыруе ўжо два гады, у асноўным трыцікале і рапс. Асабісты план на гэтае жніво – перавезці больш за 2 тыс. тон збожжа – вадзіцель мяркуе выканаць.

На гэтым тыдні вадзіцелі-«тысячнікі» прымалі віншаванні ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Яго старшыня Д.У.Чайкоўскі ўручыў абодвум каштоўныя падарункі, пажадаў моцнага здароўя і высокіх паказчыкаў на жніве.

На здымках: вадзіцель ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Санукевіч, Дзмітрый Чайкоўскі ўручае падарунак Алегу Маразевічу з ААТ «Ружаны-Агра».
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.