Рэцэпты на Біс ад удзельніц вакальнага гурта «Клепачанка» Кляпацкага СДК Таццяны Гаўрылавай і Таццяны Кунда

Салата з крухмальнымі блінчыкамі
ІНГРЭДЫЕНТЫ:
сыр «Расійскі» (або іншы цвёрды) — 100 г,
шампіньёны — 200 г,
цыбуля — 1 шт.,
курыца адварная або вэнджаная — 250 г,
алей, маянэз, соль, перац — на смак;
для блінчыкаў-наліснікаў:
3 яйкі, 3 сталовыя лыжкі крухмалу.
ПРЫГАТАВАННЕ
Яйкі добра ўзбіваем з крухмалам, дадаем соль, перац. Смажым на патэльні з двух бакоў тоненькія бліны-наліснікі.
Блінчыкі згортваем у трубачку і наразаем тонкай саломкай, курыцу разбіраем на валокны, сыр націраем на тарцы, шампіньёны абсмажваем з цыбуляй. Фактычна, прапорцыі могуць быць адвольнымі — на смак. Можна выкладваць салату слаямі, пераслойваючы сетачкай з маянэзу, можна акуратна перамяшаць, каб не «траўмаваць» блінную саломку. Калі не хочаце выкарыстоўваць маянэз, зрабіце любую запраўку, якая вам даспадобы.
Шарлотка «Спасаўская»
3 яйкі трэба добра ўзбіць з адной шклянкай цукру. Дадаць адну шклянку мукі, соду, пагашаную воцатам. Выкладваем на дно патэльні кіслыя яблыкі (прыкладна 500-600 г), заліваем атрыманай сумессю. Калі яблыкі ў вас салодкія, колькасць цукру зніжайце. Выпякаем у духоўцы 20-30 мінут пры 180 градусах.
Смачна есці!
