
Ёсць нямала жыццёвых сітуацый, калі адрасная сацыяльная дапамога становіцца сапраўдным выратаваннем. Як расказвае загадчыца аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Алена Бартасевіч, у Беларусі існуе чатыры віды дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі: штомесячная, аднаразовая, для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў і забеспячэнне харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.
— Алена Сяргееўна, хто мае права на атрыманне адраснай дапамогі?
— Малазабяспечаныя грамадзяне, а таксама людзі і сем’і, якія апынуліся па аб’ектыўных прычынах у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пры гэтым крытэрый, які дзяржава выкарыстоўвае для вызначэння малазабяспечанасці — гэта бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва. Што датычыцца штомесячнай сацыяльнай дапамогі, то яе могуць атрымліваць на рэгулярнай аснове ад 1 да 6 месяцаў на працягу года (асобным катэгорыям да 12 месяцаў). Потым давядзецца нанава збіраць дакументы і зноў падаваць заяву. На атрыманне штомесячнай дапамогі могуць прэтэндаваць сем’і і асобныя грамадзяне, калі іх сярэднедушавы даход ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму. Для шматдзетных сем’яў парог малазабяспечанасці ўстаноўлены на ўзроўні 115 % БПМ. У залік ідуць усе грашовыя паступленні: зарплата, аліменты, пенсіі, дапамогі і іншыя.
— У якіх выпадках грамадзяне могуць прэтэндаваць на аднаразовую сацыяльную дапамогу?
— Такі від дапамогі даецца сем’ям (грамадзянам), якія аказаліся па аб’ектыўных прычынах у цяжкай жыццёвай сітуацыі, парушаючай нармальную жыццядзейнасць, наступствы якой складана пераадолець самастойна. Пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход складае не больш за 150% БПМ. Такую дапамогу, за рэдкімі выключэннямі, можна атрымаць 1 раз у год. Напрыклад, поўная непрацаздольнасць з прычыны інваліднасці, дасягненне 80-гадовага ўзросту, цяжкае захворванне, якое не дазваляе абслугоўваць сябе самастойна, прычыненне ўрону маёмасці або здароўю з прычыны стыхійнага бедства або злачынства. Тут кожны выпадак разглядаецца ў індывідуальным парадку. Памер дапамогі таксама вызначаецца індывідуальна, аднак не можа перавышаць 10 памераў БПМ.
— Якім сем’ям даецца сацыяльная дапамога для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў?
— Права на атрыманне такой дапамогі маюць дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, якія маюць IV ступень страты здароўя, а таксама інваліды I групы любога ўзросту. Пры гэтым патрэбнасць грамадзяніна ў дапамозе вызначаецца заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі або індывідуальнай праграмай рэабілітацыі інваліда. Дапамогу можна атрымаць не часцей за 4 разы ў каляндарным годзе і пры гэтым не часцей, чым 1 раз у месяц. Устаноўлены памеры дапамогі — да 150 % БПМ за адзін зварот.
— Каму належыць сацыяльная дапамога на атрыманне харчавання дзецям першых двух гадоў жыцця?
— Гэта дапамога даецца не ў грашовай форме, а ў натуральнай — прадуктамі харчавання для дзіцяці. «Прадуктовы кошык» будзе падбірацца, зыходзячы з узросту дзіцяці, ад 0 да 2 гадоў і толькі з айчыннай прадукцыі. Атрымаць такую дапамогу можна чатыры разы — на кожныя 6 месяцаў да моманту дасягнення дзіцём двухгадовага ўзросту. Калі ў сям’і нарадзіліся двайняты або трайняты (і больш), дапамога будзе выдзелена незалежна ад таго, якія ў сям’і даходы. А вось калі дзіця нарадзілася адно, то дапамогу прадуктамі атрымаюць тыя сем’і, у якіх сярэднедушавы даход ніжэйшы за БПМ.
— Куды неабходна звяртацца з заявай для атрымання любога віду адраснай дапамогі?
— Прыём заяў устаноўленай формы і неабходных дакументаў ажыццяўляецца ў ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» па адрасе: г. Пружаны, вул. Кастрычніцкая, 104 А, каб. № 2. Папярэднюю кансультацыю можна атрымаць па тэлефоне 4-12-52.
Гутарыла Ірына Велясевіч