Четверг, 25 апреля 2024

Адна служба ў двух братоў — Дзмітрыя і Юрыя Шчэрбаў

340

Беларусь заўсёды дэкларавала прыхільнасць да міру і спакою. Але, нягледзячы на гэта, крылатае выказванне старажытнарымскага пісьменніка Флавія «Жадаеш міру — рыхтуйся да вайны» і праз 1500 гадоў не губляе для нашай краіны сваёй актуальнасці. «Мы не збіраемся нападаць на суседзяў», — зазначыў Кіраўнік дзяржавы, аднак гэта не азначае, што прафесія ваеннаслужачага ў нас у заняпадзе. Рэспубліка мае сваіх абаронцаў Айчыны, якія ў любы момант гатовыя даць адпор ворагу, які вырашыць спакусіцца на наш дабрабыт.

У свой час выбар прафесійнай армейскай службы зрабілі браты Дзмітрый і Юрый Шчэрбы (на здымку). Абодва — пружанскія і, як прызнаюцца, не марылі з дзяцінства стаць вайскоўцамі, але лёс распарадзіўся насуперак. Як кажуць браты, ва ўсім «вінаваты» старэйшы Дзіма, які пасля тэрміновай службы ў дэсантных войсках вырашыў ісці на кантракт. Спачатку ў асобным батальёне хімічнай, радыяцыйнай і біялагічнай абароны ў Новых Засімавічах, а пазней стаў авіямеханікам на верталётнай базе. Паралельна закончыў Мінскі вышэйшы авіяцыйны каледж. Каля 10 гадоў таму перайшоў на службу на авіяцыйны палігон, дзе зараз старшы прапаршчык узначальвае пажарны разлік.

Прыклад брата, які служыць ужо амаль 17 гадоў, стаў знакавым для малодшага Юрыя. Спачатку ён меркаваў атрымаць цывільную прафесію і работу, з таму закончыў Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, а пасля — Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт, атрымаўшы спецыяльнасць «інжынер-механік». Па заканчэнні вучобы быў прызваны на тэрміновую службу, якую праходзіў пад «патранажам» брата на палігоне. І ўвачавідкі пераканаўся, што прафесія ваеннаслужачага не менш пачэсная за іншыя. Больш за тое, яна прыносіць міру нямала карысці. Што і падштурхнула заключыць кантракт, які доўжыцца ўжо амаль 10 гадоў. Таксама ў званні старшага прапаршчыка, але на пасадзе камандзіра ўзвода.

Ці змянілі б свой лёс, калі б жыццё складвалася інакш? Абодва ўпэнены, што не сталі б мяняць прафесію. Таму што поўнасцю ўцягнуліся ў армейскае жыццё, знаходзяць у службе шмат пераваг, якія заключаюцца ў строгай дысцыпліне і безумоўным выкананні загадаў. Гэта стварае стабільнасць, упэўненасць у канчатковым выніку, а яшчэ выключае сумненні. Адчуваюць браты і тое, як ставіцца да ваеннаслужачых наша грамадства, якое ведае, для чаго патрэбны абаронцы Айчыны, і спадзяецца, што пры неабходнасці кожны з вайскоўцаў выканае свой абавязак.

Падабаецца братам і тое, што падрастаючае пакаленне прытрымліваецца тых жа прынцыпаў. Сярод навабранцаў усё больш тых, хто ставіцца да службы як да неабходнага кроку для кожнага мужчыны. У братоў Шчэрбаў, у прыватнасці, таксама гадуюцца сыны, кожны з якіх з задавальненнем, калі тата вяртаецца са службы, прымярае фуражку, што ў тры гады, што ў дзевяць. Калі ж яны вырастуць і выберуць шлях абаронцы Айчыны, то абавязкова атрымаюць абсалютнае бацькоўскае бласлаўленне.

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік