Працягваецца чарада перамог на жніве-2022 у нашым раёне. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых (без кукурузы, грэчкі і проса) — а гэта 42,6 ц/га — дазваляе набраць хуткія тэмпы ў гонцы за колькасць і якасць зерня. І тут немалаважны той момант, як спрацаваўся экіпаж камбайна ці ёсць ўзаемаразуменне і падтрымка ў складаных сітуацыях. Як мне здаецца, сямейным падрадам у гэтым плане лягчэй, бо, напрыклад, бацька і сын у любым выпадку разумеюць адзін аднаго з паўслова, а калі яшчэ абодва любяць тэхніку…

Прыкладам таго, як дасягнуць перамогі падчас жніва, пры гэтым не забываючыся пра якасць уборкі, можа служыць сямейны экіпаж з ААТ «Ружаны-Агра» ў складзе камбайнера Анатолія Чаплія і памочніка таксама Анатолія Чаплія. Адно тое, што супадаюць і імёны, і прозвішчы, гаворыць, што тут работа не дзеліцца на «маё-тваё», а выконваецца сумесна, без лішніх слоў. Можна дадаць, што экіпаж у такім складзе выдатна працуе ўжо восем сезонаў. Сёлета бацька і сын на камбайне «GS-12» першымі сярод сямейных экіпажаў намалацілі 1000 тон зерня ў раёне.
Традыцыя ёсць традыцыя. Ды і як можна не павіншаваць тых, хто шчыруе на ўборцы ды яшчэ задае тэмп? Сёння пераможцаў з высокім паказчыкам на жніве па рэгіёне на палетак каля вёскі Поланск прыехалі павіншаваць старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, якая падзякавала экіпажу за шчырую работу, і старшыня раённага прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрый Чайкоўскі, які пасля ўручэння падарункаў пажадаў двум Анатоліям і далей працаваць зладжана і на вынік, які прынясе ім яшчэ не адну перамогу. Словы падзякі гучалі і ад старшыні пярвічнай прафарганізацыі сельгаставарыства Таццяны Аўдзейчык за падняцце іміджу роднай гаспадаркі.

А па-за жнівом бацька Анатолій Пятровіч і сын Анатолій Анатольевіч, абодва механізатары (першы працуе на пагрузчыку «Маніту», а другі — на трактары «МТЗ 82»), працуюць тут жа, у ААТ «Ружаны-Агра». Зыходзячы і з вышэйсказанага, ім не трэба распавядаць, што праца на зямлі не церпіць фальшу і абыякавасці. А вось шчырасць і сумленнасць несумненна прынясуць свой плён. І гэта экіпаж Чапліяў даказаў на асабістым прыкладзе.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
