Арганізатарам адкрытага чэмпіянату Пружан па кікскутэрынгу, скейтбордынгу і BMX-фрыстайле, выступіў РФСК «Мухавец». Удзел у ім прынялі спартсмены з розных куткоў нашай цудоўнай краіны.

Перад пачаткам саміх спаборніцтваў прывітальнае слова выказаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які пажадаў усім удзельнікам падзеі ўдачы, добрага баўлення часу і выдатных вы-нікаў. Таксама сярод гасцей быў і дырэктар ПМК-21 Васілій Лук’янчук: прадпрыемства, якое ён узначальвае, падрыхтавала падарункі для пераможцаў гэтых незвычайных відаў спорту.
Пачаўся чэмпіянат з дысцыпліны BMX, кожны ўдзельнік якой па чарзе рабіў розныя ўражальныя трукі на сваім веласіпеде, які непасрэдна прызначаны для выканання такога роду нумароў. Выступленне не пакінула абыякавым ніводнага гледача, бо падобныя трукі многім даводзілася бачыць толькі ў інтэрнет-рэсурсах.
Пасля чаго на старт выйшлі скейтбардысты, якія на тых жа самых канструкцыях, на якіх да гэтага свае прафесійныя навыкі дэманстравалі трукачы з веласіпедамі, працягнулі паказваць майстар-клас ужо на скейтах. Барацьба за тройку прызёраў была вельмі сур’ёзная, было відаць, што спартсмены змагаліся на мяжы сваіх сіл і магчымасцяў, а ў аднаго з удзельнікаў нават зламаўся скейтборд.
Апошнімі на старт выйшлі спартсмены, якія прымалі ўдзел у спаборніцтвах па дысцыпліне кікскутэрынг. Дадзены кірунак асаб-ліва папулярны ў апошні час у нашых юнакоў, якія часта трэніруюцца на сваім трукавым самакаце на скейт-пляцоўках горада. Спаборніцтвы па гэтай дысцыпліне былі таксама вельмі цікавыя і трымалі ў напружанні гледачоў да апошняга моманту.
Кульмінацыяй падзеі стала ўзнагароджанне прызёраў і пераможцаў. На жаль, сярод пераможцаў нашых хлопцаў не аказалася, але на п’едэстале месца знайшлося. Так, у дысцыпліне кікскутэрынга другое месца заняў наш зямляк Аляксей Папко.

Гэтыя спаборніцтвы па спартыўных дысцыплінах, якія толькі набіраюць папулярнасць у нашай краіне, падарылі ўсім прысутным гледачам яркія эмоцыі і неверагодныя ўражанні.
Руслан Басак. Фота аўтара
Глядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_304399840 і https://ok.ru/budni/album/983944042120