Вторник, 18 февраля 2025

Адкрытае першынство раёна па веласпорце прайшло на Пружаншчыне. Як выступілі нашы спартсмены?

577

Ліпень для нашага раёна ўжо вызначыўся вялікай колькасцю велапрабегаў і веласпаборніцтваў. І вось яшчэ адна навіна. На гэтым тыдні дарогі Пружаншчыны сталі пляцоўкай для правядзення адкрытага першынства раёна па веласіпедным спорце.

Турнір, які праводзіцца з 1980 года, носіць імя Мікалая Цімафеевіча Кузняцова — першага ў раёне майстра спорту, вядомага велатрэнера.

Падчас урачыстай цырымоніі яго адкрыцця зарадзілі ўсіх на перамогі кампазіцыі ад удзельніц узорнай эстраднай студыі «Меладзін». Галоўны спецыяліст райвыканкама, які курыруе пытанні спорту і турызму, Аляксей Лапыка падкрэсліў, што велазаезды — гэта заўсёды прыгожа і відовішчна. Магчымасць займацца веласіпедным спортам ёсць і ў школьнікаў раёна. На базе пружанскай школы алімпійскага рэзерву функцыянуе аддзяленне ад брэсцкай СДЮШАР прафсаюзаў.

Удзельнікамі першынства-2022, акрамя нашых спартсменаў, сталі хлопцы і дзяўчаты з Брэста, Бярозы, Баранавіч і Баранавіцкага раёна. Спаборніцтвы праходзілі на працягу двух дзён. Месцам старту быў аг. Клепачы.

У аўторак адбыліся індывідуальныя гонкі на 5 і 10 км. Пружанскія веласіпедысты па іх выніках сабралі калекцыю з медалёў рознай вартасці. Не было роўных сярод юнакоў 2007-2008 г.н. нашаму Дзянісу Бараноўскаму. Сярод хлопцаў 2011 г.н. і маладзейшых вызначыўся Данііл Шчэрба, які заваяваў сярэбраную ўзнагароду. Добра прайшоў дыстанцыю і Кірыл Джумаеў. У яго бронза ў катэгорыі юнакоў 2009-2010 г.н.

Не падвялі хлопцы трэнера Юрыя Валкавыцкага і ў сераду. У гэты дзень праходзіла групавая гонка. Яна, як і індывідуалка, стала паспяховай для Дзяніса Бараноўскага. Праўда, да абсалютнага лідарства на дыстанцыі ў 30 км спартсмену крыху не хапіла. Як вынік — серабро. Такі ж медаль на дыстанцыі ў 10 км сярод юнакоў 2011 г.н. і маладзейшых заваяваў Данііл Шчэрба. У гэтай жа катэгорыі трэцім стаў Леанід Герэль. Яшчэ адна бронзавая ўзнагарода ў групавым заездзе на 10 км пакарылася Кірылу Джумаеву.

Наперадзе ў хлопцаў трэніроўкі і новыя старты. Спадзяёмся, што яны таксама прынясуць добрыя навіны.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік і Ільі Мяшэчкі