Понедельник, 2 октября 2023

Адкрыць свет — разам з кнігай

167

Якімі галоўнымі якасцямі павінен валодаць бібліятэкар? Нехта скажа: арганізаванасцю, педантычнасцю, уседлівасцю — і акажацца недалёка ад ісціны, бо ў абавязкі бібліятэкара ўваходзіць выдача кніг чытачам і кантроль за вяртаннем іх назад на паліцы, дакладнае запаўненне фармуляраў. Іншыя назавуць выдатную памяць і ўласную начытанасць. І таксама будуць мець рацыю: трэба добра арыентавацца ў шматтысячным кніжным фондзе, ведаць, якія кнігі параіць чытачам. Але сёння на першы план, на маю думку, усё ж выходзяць такія рысы, як ініцыятыўнасць, уменне зацікавіць і здзівіць. Паступова бібліятэкі становяцца своеасаблівымі клубамі па інтарэсах, дзе ў аматараў друкаванага слова ёсць магчымасць сабрацца разам, абмеркаваць надзённыя праблемы, паўдзельнічаць у розных творчых праектах. Пра гэта мы размаўляем з загадчыцай Ліноўскай сельскай бібліятэкі Аленай Антончык.

— Пачну з таго, што на сённяшні дзень у нашай бібліятэцы 675 чытачоў. Літаральна на некалькі чалавек «не дацягваем» да даведзенага плана. Але ж пачаўся навучальны год і, спадзяюся, хутка ў якасці чытачоў да нас прыйдуць першакласнікі. Каб зацікавіць малышоў літаральна на ўваходзе, побач са стэлажамі дзіцячай літаратуры мы самі зрабілі вясёлы паравозік. У яго «вагонах» — кніжкі. Можна проста сесці побач і разглядаць малюнкі, знаходзіць нешта цікавае для сябе. Мы шмат кажам пра неабходнасць далучэння дзяцей да чытання, але важна спачатку даць магчымасць нават тым, хто яшчэ не ўмее чытаць, пагартаць старонкі, патрымаць кніжкі ў руках.

— Мне здаецца, асноўнай у гэтым павінна быць роля бацькоў.

— Так. Некалі, каб заахвоціць сваіх дзяцей, я проста чытала ім услых на ноч. Як вынік — дачка Кацярына настолькі не ўяўляе свайго жыцця без кнігі, што атрымала адпаведную адукацыю і ўжо другі месяц працуе ў Брэсцкай абласной бібліятэцы. Адначасова вырашыла завочна атрымаць другую вышэйшую, паступіла ў Акадэмію кіравання. Гэта ў нас ужо трэцяе пакаленне бібліятэкараў: мама мая ў свой час пачынала працу ў хаце-чытальні ў Загор‘і. Я, як бачыце, пасля працы ў Смалянскім сельскім клубе прыйшла сюды. Сімвалічна: 13 кастрычніка споўніцца 13 гадоў, як загадваю Ліноўскай сельскай бібліятэкай.

Але цяпер маладыя бацькі і людзі сярэдняга ўзросту аддаюць перавагу інфармацыі з гаджэтаў, а не традыцыйным кнігам. Так што прапануем тым, хто прыводзіць сваіх дзетак, узяць нешта для сябе, і часам гэта дае плён.

Наогул, мы добра працуем са школай, дзіцячым садком, музычнай школай. І не толькі ў плане чытання, хаця летам школьнікі актыўна ішлі па праграмную літаратуру. Ільвіная доля ўсіх мерапрыемстваў, што наладжвае бібліятэка, — з дзецьмі і падлеткамі. Для маленькіх — гэта цыкл «Я з кнігай адкрываю свет», для старшакласнікаў — маладзёжны клуб па здаровым ладзе жыцця «Формула здароўя». Амаль усе суботы падчас навучальнага года ў нас заняты мерапрыемствамі.

Пры рабоце з дзецьмі імкнёмся закранаць тэмы і патрыятычнага выхавання, і захавання духоўных каштоўнасцей, прапагандуем беларускую літаратуру.

— Алена Мікалаеўна, шматлікія граматы і дыпломы ў бібліятэчнай зале сведчаць пра тое, што работа ідзе ўдала. І не толькі з дзіцячай аўдыторыяй.

— Тройчы за апошнія гады па выніках работы за 2017, 2019 і 2020 Ліноўская сельская бібліятэка называлася лепшай сярод аналагічных устаноў Пружаншчыны і заносілася на раённую Дошку гонару. Два гады запар мы ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» і занялі трэцяе месца за пошукавую і даследчую працу. За работу ў гэтым жа накірунку атрымалі дыпломы І ступені ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама ў 2021 і 2022 гадах. Таксама ў мінулым годзе сталі другімі ў рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання», які праводзіў Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і кахетызацыі Беларускай праваслаўнай царквы.

— На гэты конкурс вы накіравалі работу па гісторыі Крыжаўзвіжанскага храма ў вёсцы Аранчыцы…

— Мне вельмі цікавая падобная тэматыка, спадзяюся, што ўдасца працягнуць даследчую работу, хаця сёлета мы пакуль узялі «тайм-аут». У той жа час працягваем разам з настаяцелем аранчыцкага храма айцом Аляксандрам Мялешкам праводзіць цыкл мерапрыемстваў «Духоўнае ззянне і радасць». У асноўным іх наведвальнікі — пажылыя людзі. І, ведаеце, бабулі нашы настолькі шчыра радуюцца сумеснаму баўленню часу, што проста хочацца арганізоўваць для іх сустрэчы. На праваслаўны вечар да нас прыяз-джаў вакальны гурт Рудніцкага Дома культуры, Дзень Незалежнасці святкавалі разам са спевакамі з Малецкага СДК. Цяпер Дзень пажылых людзей наперадзе, трэба нешта прыдумаць цікавае.

— Прыдумваеце Вы, Алена Мікалаеўна, адна ці з памочнікамі?

— Некаторы час давялося працаваць адной, і было дастаткова складана, тым больш што камп‘ютарызацыя выдачы кніг сельскія бібліятэкі пакуль не закранула і шмат даводзіцца пісаць ад рукі. Але сёлета ў лютым да нас прыйшла працаваць бібліятэкарам Марына Сяргееўна Жаўнярчук, вельмі актыўны і творчы чалавек, па адукацыі педагог. Так што ідэі нараджаем разам, а пры неабходнасці дапамагае цэнтральная раённая бібліятэка.

— Кнігамі таксама цэнтралізавана вас забяспечваюць? Якія выданні найбольш карыстаюцца попытам?

— У нашых фондах цяпер 16700 кніг. Паступленне, я б сказала, нядрэннае. Маем магчымасць карыстацца і кнігасховішчам: бяром адтуль кнігі і часопісы на 3-4 месяцы, потым мяняем на іншыя. Варта сказаць, што раней попытам карысталіся кнігі замежных пісьменнікаў, а цяпер, калі гэта не праграмная літаратура, вельмі мала іх чытаюць. У асноўным аддаюць перавагу расійскім і беларускім аўтарам. Афармляем тэматычныя выставы, каб звярнуць увагу на тыя ці іншыя падзеі, даты. Вось цяпер, як бачыце, зрабілі падборку літаратуры па генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяжка чытаць падобныя кнігі, але ж не варта забываць жудасныя падзеі нашай гісторыі. І ў захаванні памяці — праз кнігу і літаратуру — бібліятэкары абавязкова павінны ўдзельнічаць. Гэта таксама «адкрыццё свету» для ўсіх пакаленняў.

Гутарыла Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік