— Ці можна назваць наш горад спакойным і бяспечным у плане злачыннасці?
Адказвае маёр міліцыі Сяргей Каляда:
— Вячэрнія вуліцы Пружан даўно ўжо сталі бяспечнымі для грамадзян. Хаця назваць наш горад самым спакойным пакуль нельга. Праблемнымі месцамі, як сведчыць крымінальная статыстыка, застаюцца кропкі збору моладзі, у асноўным каля ўстаноў, дзе ўвечары і ноччу можна набыць спіртное, злоўжыванне якім — амаль што адзіная прычына ўчынення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў.
Таксама нагадаю, што да апошніх адносіцца і з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, а таксама распіццё алкагольных напояў. Згодна з арт.19.3 КоАП РБ, гэта караецца штрафам да 8 базавых велічынь, а пры паўторным парушэнні — да 15 б.в., грамадскімі работамі або адміністрацыйным арыштам.
За ўчыненне хуліганства, да якога адносіцца і зняважлівае прыставанне да прахожых, як і іншыя наўмысныя дзеянні з парушэннем грамадскага парадку, прадугледжаны штраф да 30 б.в., грамадскія работы або арышт у залежнасці ад цяжкасці ўчынку.