— Вельмі складана абараніцца ад розных зламыснікаў састарэлым людзям. У сілу ўзросту яны не могуць зрэагаваць на дзеянні махляроў або супрацьстаяць злодзеям. Чаму міліцыі не наладзіць больш пільны кантроль, каб аператыўна дапамагаць пенсіянерам?
Адказвае намеснік начальніка райаддзела міліцыі Аляксандр Семаковіч:
— Забеспячэнне бяспекі пажылых грамадзян — адна з галоўных задач дзяржорганаў, у тым ліку і праваахоўных. Сапраўды, часцей за ўсё нашы састарэлыя землякі становяцца ахвярамі або злодзеяў, або махляроў. І менавіта па прычыне сваёй даверлівасці. Хаця, здаецца, жыццёвы вопыт павінен быў навучыць такіх людзей не давяраць незнаёмцам. І калі з выкрыццём крадзяжоў маёмасці міліцыянеры ў пераважнай большасці выпадкаў спраўляюцца, то вось з махлярскімі дзеяннямі сітуацыя застаецца складанай. Таму звяртаемся да састарэлых грамадзян з просьбай захоўваць асцярожнасць і прыняць простыя меры перасцярогі:
— не трымайце вялікія сумы грошай дома, лепш карыстайцеся паслугамі банкаў;
— не пускайце на парог незнаёмых гасцей, правярайце дачыненне візітоўцаў да сацыяльных або спецыяльных службаў — пасведчанне, спецадзенне, транспарт або патэлефануйце ва ўстанову;
— не здзяйсняйце ніякіх грашовых аперацый па тэлефоне;
— не верце махлярам, якія тэлефануюць па Вайберы або іншых паштовых месенджарах, афіцыйныя службы не карыстаюцца імі.
Калі здарылася бяда, то неадкладна паведаміце абставіны здарэння ў міліцыю па тэлэфоне 102.