— Як абараніць ад злодзеяў дачу ў зімовы перыяд?
Адказвае старшы інспектар аддзела прафілактыкі Ірына Сарока:
— Сапраўды, менавіта ў гэты час, калі гаспадары надоўга пакідаюць сваю нерухомасць без нагляду, актывізуюцца злодзеі. Звязана гэта з тым, што з моманту крадзяжу праходзіць нямала часу да таго, як ён будзе выяўлены. І раскрыць падобныя злачынствы няпроста.

Ёсць нямала законных спосабаў зберагчы загарадную нерухомасць ад злодзеяў. Самы дзейсны з іх — не пакідаць на дачы каштоўную маёмасць. Нават бутэлька спіртнога прыцягне ўвагу злодзеяў. Забірайце інструмент, посуд, адзенне і ўсе металічныя прылады. Нават на двары дома не пакідайце нічога.
Акрамя таго, варта ўзяць за правіла рэгулярныя наведванні нерухамасці. Няхай і адзін раз на месяц, але гэта істотна скараціць тэрмін на выяўленне злачынства і пакіне больш шанцаў на яго раскрыццё. Не пакідайце нават самыя дробныя крадзяжы па-за ўвагай, адразу звяртайцеся да праваахоўнікаў па тэл. 102, каб прыцягнуць да адказнасці зламысніка, не даць яму «разгуляцца» і прычыніць шкоду іншым.