— Махляры пастаянна прыдумваюць новыя спосабы падмануць нас, таму спробы абараніць мабільныя прылады ўжо сталі часткай нашага жыцця. Што міліцыянеры раяць для таго, каб не трапіць на мабільнае махлярства?

Адказвае в.а. начальніка аддзела прафілактыкі Аляксандр Трафімовіч:
— Лепш за ўсё абараніцца ад махляроў дапаможа свядомае стаўленне да камунікацыі па тэлефоне. Але ж трэба прымаць і дадатковыя меры, каб засцерагчы ад небяспекі свае канфідэнцыяльныя даныя. Напрыклад, варта ўстанаўліваць складаныя паролі, лепш за ўсё — з выпадковага набору знакаў, чаргуючы рэгістр. Акрамя літар і лічбаў выкарыстоўваць спецыяльныя сімвалы.
Прыдумвайце доўгія ПІН-коды для блакіроўкі экрана (шасцізначныя замест чатырохзначных, калі гэта дазваляе ваша прылада), пры гэтым не выбірайце ў якасці пароля даты і іншыя асабістыя даныя, а таксама стандартныя лічбавыя камбінацыі тыпу «0000» або «1234».
Звярніце ўвагу і на магчымасць устаноўкі праграмы, якая блакіруе званкі. Такія праграмы абараняюць ваш тэлефон ад званкоў, якія нелегальна выконваюцца робатамі, і іншых відаў тэлефоннага махлярства.
Карыстаючыся анлайн-банкамі і сацыяльнымі сеткамі, рабіце выбар на карысць толькі афіцыйных праграм і ніколі не выкарыстоўвайце пабочныя прылады для ўваходу ў такія сэрвісы.